Пошук

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Гінтарас Грушас. Ілюстрацыйнае фота 

Старшыня CCEE: у верасні пройдзе Еўрапейскі дзень малітвы аб міры

Еўрапейскі дзень малітвы аб міры адбудзецца 14 верасня 2022 года. Пра гэта абвясціў старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) арцыбіскуп Гінтарас Грушас.

Ян Глінскі - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму выданню Avvenire іерарх заўважыў, што Еўрапейскі дзень малітваў аб міры, адбудзецца ў свята Узвышэння Святога Крыжа, “асабліва дарагога хрысціянскім супольнасцям усходняга абраду”. “Такім чынам мы хочам нагадаць пра адзінства Еўропы”, - дадаў арцыбіскуп Гінтарас Грушас і заклікаў біскупаў і парафіі правесці “хаця б аднагадзінную эўхарыстычную адарацыю” ў гэтай інтэнцыі.

“Не дастаткова сказаць “не” вайне, трэба працаваць дзеля міру”, сцвердзіў іерарх. Каментуючы свой нядаўні візіт ва Украіну, у рамках якога наведаў Львоў, Бярдзічаў, Кіеў, Бучу і Ірпень, арцыбіскуп заўважыў, што сустрэў мноства людзей, якія перажываюць страту сваіх блізкіх.

“Мы думалі, што Еўропа ўжо не можа перыжываць падобнай лютасці пасля Другой сусветнай вайны. Аднак вярнуліся ваенныя злачынствы, танкі, дэпартацыі. Мы казалі: ніколі больш. Але не зрабілі высноваў. Таму не дастаткова паўтараць, што мы хочам міру. Мы павінны працаваць дзеля міру. Усе разам”, - сцвердзіў Мітрапаліт Віленскі.

На пытанне пра тое, як можна любіць бліжняга, які скідвае бомбы, іерарх адказаў, што трэба маліцца за яго і аб яго навяртанні. Як дадаў іерарх, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук таксама неаднойчы заклікаў не паддавацца нянавісці, каб не заразіцца ёю.
 

22 ліпеня 2022, 10:33