Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Тракелях праходзяць дыяцэзіяльныя ўрачыстасці. 9-10 ліпеня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабраліся пілігрымы, малітоўныя групы для ўдзелу ў набажэнствах, канферэнцыях, творчых пляцоўках, урачыстай працэсіі. Галоўная святая Імша пройдзе ў нядзелю а 10-й гадзіне, а дэвіз сёлетніх урачыстасцяў – З Марыяй да супакою і еднасці.

У Віцебску адбылося пасвячэнне новай святыні – у маладым мікрараёне Білева пабудаваны касцёл святога Ігнацыя Лаёлы. Святыня стала парафіяльным касцёлам парафіі святога Уладзіслава, служэнне ў якой нясуць айцы езуіты. Пасвячэнне здзейсніў 9 ліпеня 2022 года біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Кансэкрацыя касцёла ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы, вялікага настаўніка духоўнасці і заснавальніка Таварыста Езуса, адбылася на заканчэнне юбілейнага ігнацыянскага года.

Выдадзены Парадак пасвячэння касцёла і алтара на беларускай мове. Рымскі Пантыфікал перакладзены на нацыянальную мову, ухвалены i дастасаваны для дыяцэзій Беларусі біскупскай Канферэнцыяй. Дэкрэт яе старшыні абавязвае карыстацца гэтай літургічнай кнігай пры кожнай цэлебрацыі пасвячэння алтара або касцёла, якое здзейсняецца на беларускай мове, ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу падзякі ў 10-ю гадавіну пасвячэння капліцы Маці Божай Шкаплернай у Мінску. 3 ліпеня іерарх узначаліў Эўхарыстыю ў парафіі Божага Цела, дзе нясуць служэнне айцы кармэліты босыя. Напачатку тут была ўзведзена і пасвячана капліца Маці Божай Шкаплернай, каб вернікі мелі, дзе маліцца, пакуль вядзецца будаўніцтва парафіяльнага касцёла.

Тэалагічныя каледжы ў Гродне і Баранавічах абвясцілі набор навучэнцаў. Гродзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра прымае дакументы пасля папярэдняга запісу да 19 жніўня 2022 года. Дакументы ў Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах можна падаць загадзя або непасрэдна ў дзень здачы экзаменаў, якія пройдуць 27 жніўня і 3 верасня 2022 года. Мэтай навучання з’яўляецца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры, падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

09 ліпеня 2022, 07:17