Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Афрыка: католікі, пратэстанты і мусульмане – разам дзеля міру

Хрысціяне і мусульмане вырашылі працаваць разам на карысць міру ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла была створана платформа для міжрэлігійнага супрацоўніцтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта незвычайная ініцыятыва стала адказам на запрашэнне папы Францішка, якое прагучала падчас яго візіту ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, аб’яднаць намаганні ўсіх грамадзян для дасягнення сапраўднага міру.

“Гэта спрацавала, бо Каталіцкі Касцёл у нашай краіне паважаюць нават мусульмане. Гэта адбываецца таму, што мы не ўвязваемся ў бягучую палітыку, але засяроджваемся на нашай місіі, якая заключаецца ў абвяшчэнні міру і павагі да годнасці кожнага чалавека”, - патлумачыў ксёндз Мацье Бандоба, генеральны вікарый Бангійскай архідыяцэзіі.

“Некалькі ініцыятыў было запушчана нашымі братамі-пратэстантамі і мусульманамі. Нам удаецца рэалізаваць іх разам, таму што кожная з іх заснавана на павазе да іншага чалавека і на адмове ад прадузятасці. Мы стараемся пазбягаць няёмкіх тэм, але не адмаўляемся ад уласных перакананняў і прынцыпаў, якімі кіраваліся ў міжрэлігійным дыялогу. Мы проста засяроджваемся не на тым, што падзяляе, а на тым, што аб'ядноўвае, асабліва на грамадскай дзейнасці, таму што адчуваем пакліканне жыць разам. Мы ўсведамляем, што жывём у адной краіне і таму немагчыма заставацца ў поўным раз'яднанні”, - заўважыў святар.
 

29 жніўня 2022, 12:18