Канадскія біскупы падчас малітвы з Францішкам Канадскія біскупы падчас малітвы з Францішкам 

Канадскія біскупы: візіт Францішка спрыяе працэсу прымірэння

Біскупы Канады выказалі падзяку Святому Айцу за яго гістарычны візіт. Яны нагадалі пра свае абавязацельствы адносна карэннага насельніцтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Папа прыехаў, каб выканаць сваё абяцанне прадэманстраваць прысутнасцю блізкасць да карэнных народаў гэтай зямлі. Яго візіт з’яўляецца важнай вяхой у аздараўленні і прымірэнні”, - гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай канадскім епіскапатам.

Біскупы нагадалі, што Францішак у сваіх публічных і прыватных прамовах шчыра і ўрачыста прасіў прабачэння ў карэнных народаў ад імя Каталіцкага Касцёла, казаў пра сваё захапленне карэннай культурай і духоўнасцю, выказваў глыбокі смутак з нагоды працяглых наступстваў каланізацыі, прызнаваў катастрафічны ўплыў школьнай сістэмы інтэрнатаў і прасіў прабачэння за злоўжыванні, у тым ліку сексуальныя, учыненыя членамі Касцёла.

“Святы Айцец заклікаў нас працягваць дапамагаць ахвярам і сем’ям у лячэнні іх траўматычнага досведу. Мы пачулі гэты заклік і разгледзім абноўлены План дзеянняў на нашай Пленарнай асамблеі гэтай восенню. Мы спадзяёмся, што адносіны, якія склаліся падчас гэтага працэсу планавання, асабліва з партнёрамі з карэннага насельніцтва на нацыянальным і мясцовым узроўнях, пасля папскага візіту атрымаюць развіццё і паслужаць асновай для будучай працы”, - заявілі іерархі.

Канадскія біскупы нагадалі пра крокі і абавязацельствы, рэалізаваныя раней, у тым ліку пра 30 мільёнаў долараў, прызначаных для Фонду прымірэння карэннага насельніцтва. “Мы ўдзячныя мясцовым партнёрам, уладам і каталіцкім вернікам, якія дапамаглі нам дасягнуць значнага прагрэсу ў выкананні гэтых абавязацельстваў, прызнаючы, што ў нас яшчэ шмат працы. Прымірэнне – гэта працэс, які датычыцца ўсіх нас, і прысутнасць Святога Айца стала крыніцай надзеі і натхнення для канадцаў па ўсёй краіне”, - гаворыцца ў адмысловай заяве.

Епіскапат шчыра падзякаваў ахвярам за іх мужнасць і адкрытасць прыняць удзел у сустрэчах з Папам, а партнёрам з карэннага насельніцтва за іх дапамогу ў працэсе планавання. “Мы рады, што можам прыняць удзел у гэтай пакаяннай пілігрымцы, і завяршаем гэты тыдзень з новай надзеяй на лепшую сумесную будучыню”, - напісалі канадскія біскупы.
 

01 жніўня 2022, 09:37