Пошук

Банер СДМ у Лісабоне Банер СДМ у Лісабоне 

Партугалія: станоўчы ўплыў Дзён моладзі на мясцовую эканоміку

Арганізатары Сусветных дзён моладзі (СДМ) чакаюць, што мерапрыемства, запланаванае на 1-6 жніўня 2023 года, станоўча паўплывае на мясцовую эканоміку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра Лісабон, а таксама пра Сетубал і Сантарэм. Чакаецца, што прыбыццё соцень тысяч маладых католікаў зробіць жыццё рэгіёнаў больш дынамічным.

Жоао Клемэнтэ з дыяцэзіяльнага камітэта СДМ Лісабонскай архідыяцэзіі, лічыць, што ўплыў гэтай самай буйной у свеце сустрэчы маладых католікаў на розныя сферы жыцця Партугаліі, у тым ліку на эканамічную, будзе “вялізным”. “На ўзроўні мясцовай эканомікі (...) трэба забяспечыць харчаванне, праезд, наведванне музеяў і знаёмства з краінай”, - патлумачыў актывіст.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і чальцы дыяцэзіяльных камітэтаў Сусветных дзён у Сантарэме і Сетубале. Жоао Маркес, прадстаўнік апошняй дыяцэзіі, падкрэсліў, што мясцовы Касцёл хоча прыцягнуць людзей розных узроставых груп да падрыхтоўкі форума, асабліва ў плане дапамогі ў пошуку жылля для ўдзельнікаў.

У сваю чаргу Марыя Радрыгес з аргкамітэта СДМ у дыяцэзіі Сантарэм лічыць, што ў падрыхтоўцы да падзеі павінны быць задзейнічаны ўсе людзі, у тым ліку старэйшыя, якія могуць узбагаціць яе сваёй малітвай. Яна лічыць вялікім выклікам магчымасць дастукацца да маладых людзей з па-за касцёльнай супольнасці. “Мы шукаем моладзь па-за межамі касцёлаў і рухаў, а таксама хочам звярнуцца да сем’яў. Тыя, хто не ўдзельнічаюць актыўна ў Сусветных днях моладзі (...), могуць маліцца за іх”, - дадала адна з арганізатараў глабальнага каталіцкага форума.
 

03 жніўня 2022, 09:36