Пошук

Арцыбіскуп Томаш Пэта Арцыбіскуп Томаш Пэта 

Арцыбіскуп з Нур-Султана: пачалася падрыхтоўка да візіту Папы

“Гэты візіт вельмі важны для Каталіцкага Касцёла, невялікай паствы ў Казахстане, але і для дзяржавы. Увесь Казахстан чакае Папу з вялікай надзеяй, ідзе сур’ёзная падрыхтоўка”, - падзяліўся арцыбіскуп Томаш Пэта.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Папа з’яўляецца вестуном міру і еднасці, і ўсе, хто чакае яго і прымае яго, хочуць быць пасланнікамі міру і еднасці. Ён прыняў запрашэнне на кангрэс прадстаўнікоў традыцыйных сусветных рэлігій, які праводзіцца ў Казахстане з 2003 года па ініцыятыве першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, і з гэтай нагоды едзе ў нашу краіну”, - нагадаў у інтэрв’ю ACI Stampa пастыр архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Нур-Султане.

Іерарх адзначыў, што ў краіне пражывае каля 19 мільёнаў чалавек. Асноўная група – казахі – 70%, астатнія 30% належаць да 130 іншых нацыянальнасцей і этнічных груп.

Ён дадаў, што ў Казахстане ў савецкія часы “пакутавалі людзі розных нацыянальнасцей”. “Такім чынам на гэтай зямлі раслі салідарнасць і мір. Тут існавалі канцэнтрацыйныя лагеры, палова казахаў была знішчана пасля бальшавіцкай рэвалюцыі. Увесь гэты боль прывёў да таго, што сёння мы хочам міру”, - падкрэсліў Пэта.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што гісторыя хрысціянства ў краіне бярэ пачатак з першых стагоддзяў, калі праз паўднёвыя тэрыторыі сённяшняга Казахстана праходзіў Шаўковы шлях. Пазней, калі з'явіўся іслам, іншыя рэлігіі на гэтай тэрыторыі зніклі, але яны з'явіліся тут зноў пераважна ў працэсе як царскіх, так і камуністычных дэпартацый. “Калі прыйшла незалежнасць, некалькі мільёнаў чалавек пакінулі Казахстан, і мы лічым, што таксама некалькі сотняў тысяч католікаў”, - паведаміў ён.

Іерарх прызнаўся, што сёння склад каталіцкай супольнасці стаў больш інтэрнацыянальным – гэта ўжо не толькі палякі, прыбалты і немцы, але і дзясяткі іншых нацыянальнасцей, у тым ліку і прадстаўнікі казахскага народа.

“Думаю, што Божы план адносна Казахстана, Краіны Пакут у мінулым, Акіяна Крыві і Слёз, заключаецца ў тым, каб сёння ён стаў месцам асаблівай малітвы за мір. Адны толькі палітыкі не могуць гарантаваць мір, як бы яны ні стараліся. Перш за ўсё мір нараджаецца ў сэрцах людзей, і там таксама пачынаецца вайна, як вучыў нас Пан Езус. І таму гэта таксама духоўная вайна, і чым больш будзе малітваў, тым больш будзе надзеі і спакою”, - падкрэсліў арцыбіскуп Томаш Пэта.
 

04 жніўня 2022, 09:24