Пошук

Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера 

Старшыня епіскапату Казахстана: візіт Папы – стымул для Касцёла

Папа ў Казахстане прапануе неабходную сёння мадэль братэрства, - так пракаментаваў вераснёўскі візіт Францішка і яго ўдзел у кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня епіскапату Казахстана і адначасова кіраўнік Канферэнцыі біскупаў Цэнтральнай Азіі нагадаў, што казахстанскае грамадства складаецца з многіх этнічных і рэлігійных груп, а міжрэлігійны і міжкультурны дыялог узбагачае мясцовае грамадскае жыццё.

“У мяне ёсць перакананне, што прысутнасць Папы і яго словы ператвораць форум рэлігій у сапраўдную майстэрню міру і згоды для ўсяго свету”, - сказаў Vatican News іерарх.

“Я веру, што прысутнасць Святога Айца падкрэсліць пакліканне краіны заставацца ўзорам для мірнага суіснавання розных этнічных груп і рэлігій. За 30 гадоў сваёй незалежнасці Казахстан праклаў гістарычны шлях да братэрства. Ён, вядома, не пазбаўлены цяжкасцей, але варта заставацца верным вялікім прынцыпам, нават калі гэта шмат каштуе”, - адзначыў біскуп Мумбіела. Ён лічыць, што візіт Папы стане “стымулам, каб соль і святло, якія католікі пакліканы перадаваць у гэтай краіне, не згубіліся і не згаслі”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што не толькі Касцёл, але і ўлады краіны прымаюць актыўны ўдзел у садзейнічанні дыялогу, узаемаразуменню і сяброўству паміж рэлігійнымі лідарамі не толькі ў Казахстане, але і ва ўсім рэгіёне. У дзяржаўным календары ёсць адмысловы дзень – 18 кастрычніка прысвечана рэлігійнай згодзе.

“Таксама арганізацыя кангрэсаў сусветных рэлігійных лідараў у сталіцы Казахстана ў апошнія гады з'яўляецца відавочным знакам таго, што такая ідэя актуальная не толькі для нашай краіны, але і шлях для ўсіх дзяржаў, які вядзе да міру ў свеце”, - звярнуў увагу старшыня епіскапату.

Францішак будзе знаходзіцца ў Казахстане з 13 па 15 верасня 2022 года. У Нур-Султане ён прыме ўдзел у VII З'ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.
 

05 жніўня 2022, 09:01