Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У санктуарыі ў Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, мучанікаў Другой сусветнай вайны. З гэтай нагоды з Друі да Росіцы ішла пешая пілігрымка. 90 удзельнікаў за тры дні пераадолелі каля васьмідзесяці кіламетраў. Увечары 5 жніўня 2022 года адбылася святая Імша для пілігрымаў. Малітоўная праграма працягвалася ўсю ноч і завяршылася ранішняй святой Імшой у суботу.

Памяць адзінаццаці назарэтанак ушанавалі ў Навагрудку. 31 ліпеня 2022 года тут прайшлі ўрачыстасці ў памяць 79-й гадавіны мучаніцкай смерці манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. У санктуарыі благаслаўлёнай сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц вернікі маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, і аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ноч на 1 жніўня ў санктуарыі прайшло малітоўнае чуванне.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў маладую сталічную парафію ва Уруччы, дзе вядзецца будаўніцтва касцёла. 29 ліпеня 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў Эўхарыстую ў парафіі святога апостала Андрэя і святога Леапольда Багдана Мандзіча, служэнне ў якой нясуць святары палатыны. Арцыпастыр пазнаёміўся з ходам будаўніцтва касцёла, перспектывамі і мясцовымі парафіянамі.

З удзелам біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску адкрылася выстава, прысвечаная першай славянскай мучаніцы. 31 ліпеня 2022 года ў парафіі Святога Духа, якой апякуюцца ксяндзы сальватарыяне, размясцілі экспазіцыю аб жыцці святой княгіні Людмілы Чэшскай. Адкрыццё выставы распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў віцебскі ардынарый. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел дыпламаты: пасол Чэхіі ў Беларусі пан Томаш Перніцкі, часовая павераная ў справах Славакіі ў Беларусі пані Катарына Жакава, а таксама мясцовыя вернікі і госці.

У Брэсце адзначылі юбілей ксяндза прэлата Антонія Гея – найстарэйшага прэзбітэра Пінскай дыяцэзіі. 30 ліпеня 2022 года пробашч парафіі святога Юзафа святкаваў 75-годдзе з дня нараджэння і 44-ю гадавіну святарства. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў сам юбіляр і падкрэсліў, што святарскае служэнне робіць яго шчаслівым, заахвоціў сабраных разам з ім дзякаваць Богу і маліцца за яго, каб мог да канца выканаць Божую волю.

Урачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай у гродзенскай катэдры адзначылі з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Змешчаны ў галоўнай святыні дыяцэзіі абраз Багародзіцы лічыцца цудадзейным. Увечары 5 жніўня 2022 года на цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сабраліся не толькі парафіяне, але і студэнцкая моладзь горада.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 жніўня 2022, 08:51