Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Урачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў прайшлі ў Браславе пад дэвізам Маці супакою, маліся за нас. Яны распачаліся ўвечары 19 жніўня 2022 года з прывітання пілігрымаў. Таксама ў пятніцу адбылася канферэнцыя біскупа Аляксандра Яшэўскага аб ролі сям’і ў Касцёле, працэсія са свечкамі і з копіяй абраза Маці Божай па вуліцах горада. Урачыстасці завяршыліся 20 жніўня святой Імшой на палявым алтары-караблі.

У катэдры ў Магілёве з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі адпустовую ўрачыстасць і юбілей манаскага жыцця сясцёр. 15 жніўня 2022 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, святочную Імшу тут цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Таксама ў гэты дзень адзначылі 25-годдзе манаскага жыцця сясцёр Веры Гаспаровіч і Вікторыі Жук з кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, якія служаць пры парафіі.

Назаўтра з удзелам арцыбіскупа Станеўскага адпустовую ўрачыстасць адзначылі ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. 16 жніўня 2022 года праз заступніцтва святога Роха вернікі з розных каталіцкіх супольнасцяў Мінска маліліся аб патрэбных ласках для сябе і сваіх блізкіх, перадусім аб здароўі і аб спыненні пандэміі каронавіруса.

У той жа дзень у вёсцы Кавальцы, што на тэрыторыі парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме, правялі працэсію з цудадзейным абразом святога Роха. Такім чынам тут падтрымалі мясцовую гістарычную каталіцкую традыцыю. Гэтага святога тут з даўніх часоў ушаноўваюць як апекуна і нябеснага заступніка. Штогод ва ўспамін святога Роха жыхары Кавальцоў абыходзяць вёску і навакольныя палеткі, несучы абраз святога Роха, цудоўным чынам уратаваны ў часы пераследу веры і змагання з Касцёлам.

У Тракелях сустрэліся ўдзельнікі руху Маргарытка і велапілігрымы. 13 жніўня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабраліся каля 300 чальцоў малітоўных груп апостальскага руху Маргарытка, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры. А 14 жніўня ў санктуарый прыбылі вернікі на роварах з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі.

У Магілёве прайшоў майстар-клас па мастацтве іканапісу для ўсіх ахвотных. З 18 па 20 жніўня 2022 года пры парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі айцы дамінікане ўжо ў другі раз арганізавалі такія варштаты для аматараў сакральнага жывапісу. Летась удзельнікі майстар-класу стваралі ўласныя версіі абраза Марыі Абранніцы Духа Святога, а сёлета пад кіраўніцтвам спецыяліста пісалі іконы святой Ядзвігі.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

21 жніўня 2022, 10:42