На сустрэчу з Папам прыехалі католікі з усёй Цэнтральнай Азіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Мы даўно маліліся, каб гэты візіт прынёс вялікі плён для Касцёла і свету. Асабліва, калі гаворка ідзе пра аднаўленне міру і згоды”, - адзначыў ксёндз Пётр Пытляваны, прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў Казахстана і Цэнтральнай Азіі.
Святар, які служыць у Казахстане з 1994 года, нагадаў, што ў краіне пражывае больш за сто нацыянальнасцей розных рэлігій і канфесій. “Усе жывуць у добрых адносінах, і мы хочам паказаць свету прыклад салідарнасці, разумення і адзінства, таксама дзякуючы прысутнасці Святога Айца”, - прызнаўся ён.
“Мы чакаем у сталіцы Казахстана пяць тысяч католікаў з усяго рэгіёна, не толькі з Казахстана і Кыргызстана, але і з іншых краін Цэнтральнай Азіі”, падзяліўся святар. На Імшу запрошаны прадстаўнікі іншых рэлігій і людзі, якія маюць іншыя погляды. “Цікавасць да візіту Папы настолькі вялікая, што ўсе прадстаўнікі нашага грамадства выказалі жаданне прысутнічаць на Імшы. Чаканні велізарныя, жаданні таксама, і што нас найбольш радуе, гэта тое, што ўсё грамадства з нецярпеннем чакала прыезду Святога Айца”, - паведаміў прэс-сакратар епіскапату Казахстана і Цэнтральнай Азіі.