Старшыня Папскай акадэміі: пагроза расколу рэальная
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У кулуарах Міжнароднага тамістычнага кангрэса, які праходзіў у Рыме, айцец Серж-Тама Баніно паказаў на крызіс, які перажывае тэалогія. На яго думку, сёння цяжка знайсці хаця б аднаго тэолага такога маштабу, як Кангар, дэ Любак, Журнэ, Ратцынгер або Бальтазар.
Гаворачы аб рызыцы схізмы, французскі дамініканін адзначыў, што так званы сінадальны шлях у Германіі выкрыў глыбокія падзелы. Тэалагічныя дэбаты застаюцца цалкам легітымнымі, але франтальная атака на Humanae vitae і вучэнне Яна Паўла ІІ аб фундаментальных маральных і біяэтычных пытаннях, радыкальны выклік традыцыйнаму вучэнню Касцёла аб гомасексуалізме ці святарстве, можа прывесці да таго, што частка тэолагаў і вернікаў не зможа пагадзіцца на такія змены. Яны б азначалі сапраўдны разрыў з традыцыяй і стваралі б уражанне, што Касцёл на працягу стагоддзяў памыляўся.
Старшыня Папскай акадэміі пацвердзіў, што каталіцкая тэалогія павінна распазнаваць знакі часу, але ў тым, што адбываецца ў рамках нямецкай рэфарматарскай ініцыятывы, цяжка адрозніць, дзе мы маем справу з падпарадкаваннем духу свету, а дзе з сапраўдным жаданнем слухаць Духа Святога.
Айцец Баніно падкрэсліў, што знакі часу дапамагаюць Касцёлу не прыстасоўвацца, але адкрываць у сваёй веры і традыцыі сродкі, якія дазволяць яму адказаць на пытанні, што ўзнікаюць сёння.
Дамініканін, які на працягу 9 гадоў быў сакратаром Міжнароднай тэалагічнай камісіі, указаў на змяншэнне ролі тэалогіі, асабліва ў параўнанні з Касцёлам у часы апошняга Сабору. На яго думку, сёння ў нас няма такіх вялікіх мысляроў у гэтай галіне, рэсурсы сталі значна больш сціплымі. Слабеюць і тэалагічныя факультэты, узнікаюць праблемы з наборам студэнтаў, замест тэалогіі практыкуецца рэлігіязнаўства, важнае як разважанне над рэлігійнымі феноменамі, але не здольнае замяніць тэалогію – дысцыпліну, якая імкнецца зразумець веру.
Менавіта таму ў наш час узнік феномен, калі з прычыны недахопу тэолагаў свецкія хрысціяне і філосафы ўсё часцей становяцца прадстаўнікамі Касцёла ў публічнай дыскусіі - заўважыў айцец Баніно ў інтэрв'ю агенцтву I.Media.