Біскупы ЕС пра вайну ва Украіне: мір павінен быць справядлівым
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) абнародавала дэкларацыю на заканчэнне свайго пленарнага пасяджэння, якое 12-14 кастрычніка 2022 года праходзіла з Брусэлі. Іерархі абмяркоўвалі гуманітарныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы расійскага ўварвання ва Украіну.
Успамінаючы ў малітве пра ахвяр вайны, яны выказалі блізкасць бежанцам, якімі ў большасці з’яўляюцца жанчыны і дзеці, вымушаныя пакінуць свае дамы, а таксама ўсім, хто пакутуе ва Украіне і суседніх дзяржавах з прычыны “шаленства вайны”.
“Мы вельмі занепакоены нядаўнімі дзеяннямі, якія павялічваюць рызыку далейшага пашырэння канфлікту, што трывае, з усімі яго некантраляванымі і знішчальнымі наступствамі для чалавецтва”, - напісалі біскупы, дадаючы, што вайна ва Украіне непасрэдным чынам датычыць іх як грамадзян Еўрапейскага саюза.
Іерархі нагадалі пра ўсё больш драматычныя цяжкасці ў сацыяльна-эканамічнай сферы, выкліканыя энергетычным крызісам, ростам інфляцыі і павышэннем коштам жыцця. “Асабліва ў такія крызісныя моманты, як гэты, мы яшчэ раз асэнсоўваем, што Еўрапейскі саюз – гэта каштоўная рэальнасць, якая адпавядае свайму першапачатковаму натхненню”, - напісалі яны.
“У поўнай еднасці са шматлікімі заклікамі папы Францішка і Святога Пасаду мы таксама рашуча заклікаем адказных за агрэсію, каб яны неадкладна спынілі ваенныя дзеянні, і да ўсіх бакоў – быць адкрытымі для сур’ёзных прапаноў аб справядлівым міры, з мэтай трывалага вырашэння канфлікту з поўнай павагай да міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”.