COMECE: напад Расіі на Украіну – гэта агрэсія ўлад, а не краіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Так у інтэрв’ю Vatican News віцэ-старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE), біскуп Марыяна Крачата пракаментаваў вайну Расіі супраць Украіны. Гэта абмяркоўвалася на пленарнай асамблеі, якая прайшла 12-14 кастрычніка 2022 года.
Прагучаў ясны заклік шукаць развязку праз дыялог, але з дакладным вызначэннем яго асноў. “Дыялог абсалютна неабходны, але яго не можа быць, калі зыходным пунктам не стануць фундаментальныя даныя, зразумелыя для нас і іншых. Па-першае, мы маем справу з агрэсіяй. Мы не кажам, што гэта агрэсія адной краіны супраць іншай, а што гэта агрэсія палітычных улад адной краіны, палітычнае рашэнне цяперашніх улад гэтай краіны, а не краіны як такой. Але гэта агрэсія”, - патлумачыў італьянскі іерарх пазіцыю COMECE.
Ён прызнаўся, што падчас пасяджэння Камісіі гаворка ішла таксама пра міграцыю, выкліканую вайной ва Украіне. Падкрэслівалася неабходнасць уплыву на інстытуты ЕС, каб яны аказалі падтрымку як Украіне, так і тым краінам, якія прынялі бежанцаў.