Пошук

Ян ХХІІІ падчас абвяшчэння аб скліканні Другога Ватыканскага Сабору. 25.12. 1961 Ян ХХІІІ падчас абвяшчэння аб скліканні Другога Ватыканскага Сабору. 25.12. 1961  

Эксперт пра мэты Другога Ватыканскага Сабору ў яго 60-годдзе

Варта звярнуцца да спадчыны Другога Ватыканскага Сабору, каб не стаць сведкамі фарміравання каталіцкіх хімер як, напрыклад, нямецкі сінадальны шлях і павольнага памірання Касцёла, - перасцярог амерыканскі публіцыст Джордж Вайгел.

Ян Глінскі

Аналізуючы сінадальны працэс, што трывае ў Касцёле ад 17 кастрычніка 2021 года, ён згадаў пра 60-годдзе распачацця Другога Ватыканскага Сабору, які ў свой час стаў заклікам да евангелізацыі ў паўнаце каталіцкай веры і быў больш накіраваны на хрысціянізацыю свету, чым на змену Касцёла.

Публіцыст адзначыў, што падчас цяперашняга сінадальнага працэсу варта звяртацца да спадчыны Асамблеі, якую трэба “чытаць” праз прызму двух найважнейшых яго тэкстаў: Дагматычнай канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum і Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium.

Як сцвердзіў Вайгел, Ян XXIII склікаў экуменічны Сабор з мэтай ажыўлення хрыстацэнтрычнай веры Касцёла і дзеля навяртання тагачаснага свету: “Ён справядліва верыў, што гэта адбудзецца толькі дзякуючы новаму спосабу ўзаемадзеяння з сучасным светам. А гэта азначала неабходнасць знайсці мову евангелізацыі і катэхізацыі, якую мог бы “пачуць” сучасны свет. Ён таксама настойваў, каб каталіцкая вера прапаведавалася ва ўсёй яе паўнаце”.

На думку эксперта, гэта асабліва важна ў сённяшняй сінадальнай дыскусіі, у якой дэпазіт хрысціянскай веры, здаецца, размываецца. “Dei Verbum рашуча пацвердзіла рэальнасць і абавязковы аўтарытэт Божага аб’яўлення ў часе”, - падкрэсліў ён.

Вайгел лічыць, што варта вярнуцца таксама да Lumen gentium, якая нанова паставіла Хрыста ў цэнтр жыцця і кіравання Касцёла. Айцы Сабору, як дадаў, ставіліся да літургіі як да “наймагутнейшай прылады Касцёла для нясення закваскі Евангелля ўсяму свету”.

Амерыканскі публіцыст нагадаў, што пантыфікаты Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI трэба разумець як адну бесперапынную інтэрпрэтацыю Другога Ватыканскага Сабору. Падчас надзвычайнага Сінода Біскупаў у 1985 годзе, скліканага Янам Паўлам ІІ, а інтэлектуальна праводзіўся кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам, Касцёл атрымаў “галоўны ключ” для Сабору: канцэпцыю Касцёла як супольнасці вучняў на місіі. Гэта актуальна таксама на сінадальным шляху.
 

07 кастрычніка 2022, 11:44