Пошук

Людзі ў чарзе за гуманітарнай дапамагой ва Украіне Людзі ў чарзе за гуманітарнай дапамагой ва Украіне 

Caritas Украіна працягвае служэнне ў небяспечных умовах

Caritas Украіна працягвае аказваць дапамогу людзям, якія пакутуюць ад вайны. Колькасць патрабуючых вырасла пасля нядаўніх масавых ракетных удараў, нанесеных расійскай арміяй па ўкраінскіх гарадах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кіраўніца каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Таццяна Стаўніча распавяла Vatican News, што іх рэакцыяй на ракетныя абстрэлы стала згуртаванасць, клопат пра бяспеку ўсіх і рашучая гатоўнасць працягваць выконваць місію дапамогі найбольш патрабуючым. “Цяпер людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, стане яшчэ больш. І ў залежнасці ад месцазнаходжання нашых асяродкаў, у залежнасці ад сітуацыі з бяспекай, мы адпаведным чынам адкарэктуем нашу дзейнасць у бліжэйшыя дні і тыдні”, - дадала яна.

Таццяна Стаўніча прызналася, што на восьмым месяцы поўнамаштабнай вайны адчуваецца стомленасць, але энтузіязмам напаўняе ахвярнае і руплівае служэнне многіх валанцёраў у мясцовых аддзяленнях арганізацыі ў розных частках краіны, якое не спыняецца нават нягледзячы на небяспеку.

Дырэктар Caritas Украіна падкрэсліла, што будзе працягвацца праца над рэалізацыяй праектаў, якія заключаюцца ў забеспячэнні людзей дахам над галавой, вадой, прадуктамі харчавання, гігіенічнымі сродкамі: гаворка ідзе пра ўсе тыя базавыя патрэбы, адказваць на якія значыць клапаціцца пра годнасць кожнага чалавека. “І ва ўсім гэтым мы дзелімся сэрцам Caritas, якое ахінае людзей ласкай і любоўю, бо гэта таксама з’яўляецца часткай нашага служэння”, - дадала кіраўніца каталіцкай дабрачыннай арганізацыі.

13 кастрычніка 2022, 10:14