Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Сітуацыю з закрыццём для вернікаў Чырвонага касцёла ў Мінску арцыбіскупы Антэ Ёзіч і Юзаф Станеўскі абмеркавалі з упаўнаважаным Аляксандрам Румакам. Таксама 7 кастрычніка 2022 года Апостальскі нунцый і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на сустрэчы з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў паднялі пытанне перадачы дзяржаўнымі ўладамі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве парафіяльнай супольнасці ў бязвыплатнае карыстанне. Паводле афіцыйнага паведамлення, бакі дамовіліся аб вядзенні канструктыўнага дыялогу ў далейшым.
У Беларусі распачалася вялікая навэнна духоўнай падрыхтоўкі да срэбнага юбілею каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. 1 кастрычніка 2022 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік вітаў у часткова адноўленай пасля пазалеташняга пажару базыліцы пілігрымаў з розных мясцін Беларусі, пераважна з Мінска. Распачаў навэнну арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Урачыстая цырымонія пачатку навучальнага года прайшла ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 1 кастрычніка 2022 года семінарыя ўжо ў 33-і раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу. На святочнай цырымоніі прысутнічалі госці, сярод якіх біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У Магілёве прайшоў Шосты Ружанцовы кангрэс з удзелам біскупаў – Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага. 1 кастрычніка 2022 года ў межах кангрэсу былі прадстаўлены чатыры даклады, звязаныя з тэмай ружанцовага форуму: Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання. Сёлетні кангрэс, як і папярэднія, арганізавала манаская супольнасць айцоў дамініканаў пры падтрымцы адказнага за магілёўскі рэгіён біскупа Яшэўскага.
Першая пасля летняга перапынку душпастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў сталіцы. 6 кастрычніка 2022 года сустрэча ў архікатэдры сабрала больш за сотню святароў і сясцёр законных з большасці парафій Мінскай і Магілёўскай абласцей. Кульмінацыяй стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.