Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Чырвоны касцёл у Мінску застаецца закрытым па рашэнні мясцовых уладаў. Аб гэтым абвясцілі 26 верасня 2022 года, пасля таго, як у касцёле святога Сымона і святой Алены здарыўся пажар. Паводле афіцыйнага паведамлення, у касцёле загарэлася электраправодка. Вернікі звярнулі ўвагу на тое, што ў святыні былі разбіты дзве шыбы, і гэта магло здарыцца яшчэ да пажару. Кампетэнтныя органы пакуль не паведамляюць пра падрабязнасці інцыдэнту – гаворыцца толькі аб тым, што адбываюцца следчыя дзеянні. Вернікі моляцца аб найхутчэйшым вяртанні касцёла для патрэбаў парафіі.

У Індуры з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча адзначылі 500-годдзе з часу заснавання мясцовай парафіі. 25 верасня 2022 года на юбілей парафіі Найсвяцейшай Тройцы тут сабраліся вернікі, тыя, хто нарадзіўся ў мястэчку, і госці на чале з біскупам Гродзенскім. Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што ў дзень гэтай урачыстасці перад вачыма "стаяць незлічоныя пакаленні продкаў, якія тут жылі, працавалі, праслаўлялі Пана Бога сваім штодзённым жыццём і па меры магчымасцяў імкнуліся да евангельскай дасканаласці, перамагаючы ў сабе зло і выбіраючы дабро".

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў моладзь на новы навучальны год. 29 верасня 2022 года, у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску каталіцкая моладзь сабралася на супольную малітву. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі благаславіў саміх студэнтаў і іх залікоўкі. Першая ў гэтым навучальным годзе сустрэча моладзі ў архікатэдры прайшла пад дэвізам Каб усе былі адно.

Падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю рамонтных прац у будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта адбылося 29 верасня 2022 года. Такім чынам, афіцыйна завершаны будаўнічыя працы па аднаўленню святыні пасля пажару, які здарыўся ў Нацыянальным санктуарыі 11 мая 2021 года. У парафіі падзякавалі за дапамогу ўсім ахвярадаўцам і валанцёрам і адзначылі, што наперадзе яшчэ працы па рэстаўрацыі касцёла.

У Катэхетычным каледжы ў Баранавічах з удзелам біскупа Антонія Дзям’янкі ўрачыста распачаўся новы навучальны год. 24 верасня 2022 года пастыр Пінскай дыяцэзіі прадставіў новага дырэктара установы – брата магістра Корнэля Консэка з Кангрэгацыі Божага Слова, цэлебраваў Эўхарыстыю і благаславіў усіх сабраных.

У Глыбокім з удзелам біскупа Алега Буткевіча прайшла сустрэча катэхетаў дыяцэзіі. 23 верасня 2022 года біскуп Віцебскі цэлебраваў тут Эўхарыстыю і нагадаў пра значэнне паслугі катэхета і неабходнасць супрацоўніцтва з бацькамі на шляху ўзрастання ў веры дзяцей і моладзі. На думку іерарха, самае галоўнае заключаецца ў тым, што кожны, хто выконвае паслугу катэхета, робіць гэта ў імя Езуса Хрыста і з’яўляецца Яго жывым сведкам.

У Мінску з удзелам біскупаў завяршылася святкаванне 100-годдзя дзейнасці салезіянаў у Беларусі. Заключныя ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі 24 і 25 верасня 2022 года. Суботняя праграма была разлічана на моладзь. У межах святкавання юбілею быў праведзены Don Bosco Youth Fest. Кульмінацыяй стала ўрачыстая святая Імша падзякі, у якой удзельнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 кастрычніка 2022, 09:07