Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі 25-годдзе рэкансэкрацыі катэдральнага касцёла. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі 21 кастрычніка 2022 года ўзначаліў святую Імшу ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Пасля Другой сусветнай вайны святыня XVIII стагоддзя са зруйнаванымі вежамі, знявечаная бязбожным савецкім рэжымам, была ператворана ў так званы Дом фізкультуры. 21 кастрычніка 1997 года адбылася рэкансэкрацыя мiнскай катэдры. Касцёл нанава пасвяціў кардынал Казімір Свёнтэк.

Акцыя Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы аб’яднала біскупаў і маленькіх вернікаў з усіх дыяцэзій Беларусі. 18 кастрычніка 2022 года, у свята святога Лукі, евангеліста, дзеці і іх бацькі сабраліся ў касцёлах, каб прыняць удзел у малітоўнай акцыі. Мадэрацыя сустрэчы адбывалася з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску, дзе да дзяцей і іх бацькоў далучыліся іерархі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці ў Барунах Ашмянскага дэканату. Тут, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных, 14-15 кастрычніка 2022 года адзначылі 100-годдзе з часу вяртання сюды славутага ласкамі абраза Багародзіцы. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падчас цэлебрацыі ранішняй святой Імшы падкрэсліў, што Панна Марыя, прадстаўленая на цудадзейным барунскім абразе, "на працягу стагоддзяў была наймацнейшай апякункай, надзейнай заступніцай усіх, хто да Яе звяртаецца, а таксама чулай суцяшальніцай".

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Маладзечне. 16 кастрычніка 2022 года арцыбіскуп эмэрыт наведаў мясцовую парафію святога Юзафа, дзе сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук заслужанага іерарха прынялі 42 кандыдаты. У прамоўленай гаміліі падчас святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў важную ролю Духа Святога ў Касцёле і ў жыцці чалавека.

У Смаргоні адзначылі урачыстасць святога Яна Паўла ІІ і 10-годдзе з часу заснавання парафіі ў яго гонар. 22 кастрычніка 2022 года, ва ўспамін святога Яна Паўла ІІ, пасля ўрачыстай святой Імшы ўдзельнікаў свята частавалі парафіяльнай кашай. Гэтая супольнасць, заснаваная дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2012 годзе, стала першай у Беларусі парафіяй у гонар тады яшчэ благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.

У Шуміліна 105-ю гадавіну заканчэння фацімскіх аб’яўленняў адзначылі з удзелам біскупа Алега Буткевіча. Віцебскі ардынарый прыбыў у санктуарый Маці Божай Фацімскай разам з пілігрымамі з Браслава, Полацка, Віцебска, Магілёва, іншых мясцін, таксама прысутнічалі грэка-каталіцкія вернікі са святарамі. Падчас малітвы Вяночкам да Божай Міласэрнасці ўдзельнікі свята прасілі аб навяртанні ўсіх вінаватых у вайне ва Украіне і аб супакоі. Тыя ж інтэнцыі былі падчас працэсіі пасля Эўхарыстыі, а завяршылася шэсце спевам Магутны Божа.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 кастрычніка 2022, 09:10