Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў дзень сваіх імянін. 28 кастрычніка 2022 года, у свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, заслужаны іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. "Кожны хрысціянін павінен адчуваць адказнасць за евангелізацыю на сваёй зямлі", – падкрэсліў ён.

Апостальскі нунцый усклаў на арцыбіскупа Юзафа Станеўскага палій Мітрапаліта, уручаны яму Папам Францішкам. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч правеў урачысты абрад 22 кастрычніка 2022 года падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры – у прысутнасці ўсіх біскупаў беларускага Касцёла, Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, а таксама канонікаў Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, іншых святароў і вернікаў.

Парафія ў Чавусах просіць аб дапамозе. Уласных сродкаў не хапае, каб выканаць працы па рамонце парафіяльнага дома, дзе плануецца праводзіць набажэнствы ў зімовы час у цёплым памяшканні. Пазней будзе праводзіцца ацяпленне самога будынку касцёла. Ахвяраванні можна пералічваць на рахунак чавускай парафіі.

Сустрэча працаўнікоў адукацыі прайшла ў тракельскім санктуарыі. 22 кастрычніка 2022 года, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў педагогі сабраліся на канферэнцыі Настаўнік – узор веры, надзеі і любові. З ёю выступіў ксёндз канонік Антоні Грэмза, душпастыр выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў дыяцэзіі. Пасля адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, споведзь і святая Імша.

Рэліквіі святога Яна Паўла ІІ прыбылі ў мінскую парафію. Гэта радасная падзея адбылася 23 кастрычніка 2022 года ў парафіі Святога Яна Евангеліста і Святога Максіміліяна Марыя Кольбэ. Сваім апекуном Святога Айца выбралі некалькі груп парафіянаў – у тым ліку скаўты, суполка працуючай і студэнцкай моладзі. Эўхарыстыю цэлебраваў ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк.

У Браславе праходзіць першае дыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым. 29 кастрычніка 2022 года ўдзельнікі гэтых груп сабраліся разам, каб памаліцца Вяночак за памерлых, Ружанец, паслухаць канферэнцыі, а цэлебраваць святую Імшу запрасілі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Каталіцкая моладзь Мінска распачала цыкл сустрэч у межах падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. 27 кастрычніка 2022 года ў мінскай архікатэдры сабралася моладзь сталічных парафій. Падчас святой Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі звярнуў увагу на словы дэвізу СДМ у Лісабоне, заахвочваючы маладых людзей "вырушыць у свет, як Марыя да Альжбеты, каб служыць патрабуючым".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

29 кастрычніка 2022, 10:07