Урачыстасць святога Францішка адзначылі ў Асізі
Марыя Валодзіна – Vatican News
4 кастрычніка 2022 года Святы Айцец напісаў у Твітары ў гонар апекуна Італіі: “Святы Францішак Асізскі, пачуваючы сябе братам сонца, мора і ветру, усюды сеяў свет і ішоў поруч з беднымі, пакінутымі, хворымі, адрынутымі, апошнімі. Давайце браць з яго прыклад!”
У той жа дзень у італьянскім Асізі прайшла ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Італіі кардынал Матэа Дзупі. У сваёй гаміліі, на якой прысутнічаў прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла, іерарх маліўся за Італію і Еўропу, а таксама нагадаў, што “толькі разам” можна пераадолець сур'ёзныя цяжкасці сучаснасці, “зрабіць свет больш чалавечым і братэрскім”.
Цэнтральная тэма яго гаміліі - памяць пра пандэмію каронавіруса, пра ахвяр, што загінулі ў адзіноце. Ён заклікаў не забываць пра пандэмію, пра тых, каго больш няма з-за каронавіруса. “Сёння мы ўспомнім пра некаторых з іх, назавём іх імёны, ведаючы, колькі гора і смутку спарадзіла тое, што мы не маглі быць разам з імі на апошнім адрэзку жыцця”, - адзначыў кардынал Дзупі.