Пошук

Ян ХХІІІ падчас цырымоніі адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора Ян ХХІІІ падчас цырымоніі адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора 

60-годдзе з дня адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора

Ян ХХІІІ, склікаючы Сабор, спадзяваўся, што ён стане для Касцёла такім жа імпульсам для абнаўлення, якім у XVI стагоддзі стаў Трыдэнцкі Сабор, - лічыць ксёндз Даніэль Мулінэ з Ліёнскага каталіцкага ўніверсітэта.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды 60-годдзя з дня адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора, якое адзначаецца 11 кастрычніка 2022 года, гісторык Касцёла нагадаў, што Ян ХХІІІ уважліва вывучаў гісторыю трыдэнцкай рэформы ў яго роднай дыяцэзіі Бергама. Дзякуючы гэтаму ён быў перакананы, што Сабор можа стаць пачаткам абнаўлення.

Ксёндз Мулінэ нагадаў таксама, што арцыбіскуп Джузэпэ Ранкалі, будучы папскім дыпламатам, меў магчымасць блізка пазнаёміцца з сінадальнасцю Праваслаўных Цэркваў у Грэцыі, Балгарыі і Турцыі і хацеў, каб гэта форма кіравання знайшла месца ў Каталіцкім Касцёле.

“Другі Ватыканскі Сабор у адрозненні ад Трыдэнцкага Сабора не павінен быў стаць адказам на ерась. Ян ХХІІІ заявіў, што яго мэтай не будзе асуджэнне”, - зазначыў эксперт, дадаючы, што Пантыфік хацеў даць Сабору душпастырскі і экуменічны напрамак.

“Кірунак сустрэчы вызначылі таксама дзве прамовы, якія мелі месца пад канец 1962 года: кардынала Сюнеса і кардынала Манціні, пазней папы Паўла VI. Пад іх уплывам было пастаноўлена, што тэксты Сабора будуць датычыць дзвюх праблем: Касцёла ad intra i Касцёла ad extra: таго, што Касцёл кажа пра сябе, і таго, што кажа пра свае адносіны да свету. Сапраўды, усе дакументы Сабора можна падзяліць на гэтыя дзве катэгорыі”, - сказаў французскі гісторык.
 

11 кастрычніка 2022, 11:18