Пошук

Брат Эмануэль Пізані ў Бахрэйне Брат Эмануэль Пізані ў Бахрэйне 

Бахрэйн: Папа паказвае, што культура сустрэчы магчымая

Рэгулярнасць папскіх сустрэч з прадстаўнікамі ісламу стварае сапраўдную культуру дыялогу і паказвае яе магчымасць, - адзначыў французскі дамініканін, брат Эмануэль Пізані.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дырэктар Дамініканскага інстытута ўсходніх даследаванняў у Каіры прыняў удзел у міжрэлігійным форуме ў Бахрэйне па запрашэнні мусульманскага ўніверсітэта Аль-Азхар, з якім каталіцкая ўстанова цесна супрацоўнічае.

На думку законніка, візіт Святога Айца ў гэту краіну, які толькі што завяршыўся, упісваецца ў яго больш шырокую дзейнасць. Гаворка ідзе не толькі пра падтрымку мясцовых хрысціян і не толькі пра будаванне яшчэ лепшых адносін з мусульманамі: Папа таксама паказвае ўсяму свету магчымасць стварэння прасторы для значных сустрэч па-над падзеламі.

Брат Эмануэль Пізані звярнуў увагу на існаванне культуры разнастайнасці, гасціннасці і плюралізму ў Бахрэйне, а запрашэнне Францішка прадэманстравала адкрытасць гэтай краіны на ўсе рэлігійныя супольнасці, у тым ліку на хрысціян. “Больш за тое, я лічу, што сёння, калі не будзе дыялогу, будзе вайна. Мы бачым вялікую напружанасць у свеце. Таксама я мяркую, што папская прысутнасць вельмі важная з сімвалічнага пункту гледжання, бо з’яўляецца пасланнем аб магчымасці дыялогу”, - сцвердзіў эксперт.

Дамініканін заўважыў, што Францішак кожны год сустракаецца з мусульманскімі лідарамі. “Гэта сведчыць, што культура дыялогу і культура сустрэчы магчымыя. Гаворка ідзе не толькі пра выдатны дакумент, падпісаны ў Абу-Дабі ў лютым 2019 года, але пра тое, каб зрабіць гэтую культуру часткай гісторыі праз бесперапынныя і шматлікія сустрэчы”, - падкрэсліў брат Эмануэль Пізані.
 

07 лістапада 2022, 09:56