Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскуп: у цэнтры падарожжа Папы ідэя магчымасці мірнага суіснавання

Візіт Папы ў Бахрэйн праходзіць у вельмі сур’ёзны гістарычны момант і ёсць надзея, што ён зможа натхніць людзей на прасоўванне міру і сапраўднага прымірэння, лічыць біскуп Паўла Марцінэлі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі ў інтэрв’ю Vatican News нагадаў, што Пантыфік нядаўна ужо быў на Аравійскім паўвостраве: падчас падарожжа ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў 2019 годзе сумесна з імам каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмедам аль-Таебам ён падпісаў Дэкларацыю аб агульначалавечым братэрстве.

Чарговы візіт Папы ў гэты рэгіён на сустрэчу з прадстаўнікамі розных культур і рэлігій можа стаць імпульсам для пераасэнсавання міжнародных адносін, для пошуку дабра для ўсіх, дапамагаючы ўбачыць, што адметнасці могуць быць багаццем, а не перашкодай.

“Гэта сустрэча адбываецца ў вельмі неспакойны момант на глабальным узроўні, але ў яе цэнтры знаходзіцца ідэя магчымасці добрага і мірнага суіснавання, прымірэння і добрага жыцця для ўсіх. Яна можа стаць сапраўдным благаслаўленнем для рэгіёна Персідскага заліву, а таксама даць моцнае натхненне іншаму погляду на міжнародныя адносіны”, - сцвердзіў біскуп Марцінэлі.

Гаворачы пра сітуацыю мясцовага Касцёла іерарх распавёў, што ён з’яўляецца прыкладам адзінства ў разнастайнасцях, бо складаецца галоўным чынам з мігрантаў розных нацыянальнасцей і культур, што тычыцца не толькі вернікаў, але таксама духавенства і кансэкраваных асоб. Іншага характарыстыка мясцовай каталіцкай супольнасці - яна з’яўляецца меншасцю, што падштурхоўвае да пошуку самага галоўнага ў хрысціянскім жыцці: заўсёды імкнуцца да добрага евангельскага жыцця, пазбягаць розных форм празелітызму, спрыяць дыялогу і спакойна сведчыць пра радасць Евангелля і нашай веры.
 

03 лістапада 2022, 10:45