Пошук

Кардынал Бешара Бутрас Раі. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Бешара Бутрас Раі. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Раі: Папа наведвае мусульманскія краіны ў духу братэрства

Мараніцкі Патрыярх Антыёхіі, ліванскі кардынал Бешара Бутрас Раі, пракаментаваў Апостальскае падарожжа Папы ў Бахрэйн, адзначаючы яго значэнне для хрысціян Блізкага Усходу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Іерарх заўважыў, што за час свайго пантыфікату Францішак адведаў ужо пятую краіну, большасць насельніцтва якой складаюць мусульмане. Дагэтуль ён здзейсніў пілігрымкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Марока, Ірак і Казахстан. Адной з галоўных тэм гэтых падарожжаў быў міжрэлігійны дыялог, а таксама падтрымка мясцовых хрысціянскіх супольнасцей.

Кардынал Раі зазначыў, што Святы Айцец наведвае краіны з мусульманскім насельніцтвам у духу Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве, падпісанай разам з вялікім імам каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмадам Аль-Таебам у Абу-Дабі ў 2019 годзе, і энцыклікі Fratelli tutti, выдадзенай у 2020 годзе.

Пантыфік хоча даць “больш моцны імпульс для таго, каб рухацца наперад, каб жыць разам у нашай разнастайнасці”. “Нельга сціраць разнастайнасць, бо мы не аднолькавыя і павінны жыць гэтай рэчаіснасцю”, - лічыць мараніцкі Патрыярх.

Кардынал Раі падкрэсліў, што Святы Айцец заўсёды заклікае хрысціян на Блізкім Усходзе не думаць катэгорыямі “меншасці” і “большасці”, але сведчыць пра Хрыста і свае хрысціянскія каштоўнасці там, дзе яны жывуць: узбагачацца каштоўнасцямі грамадства, у якім жывуць, і ўзбагачаць грамадства хрысціянскімі каштоўнасцямі. “У такім ключы я гляджу на візіт Папы ў Бахрэйн”, - зазначыў кардынал Бешара Бутрас Раі.
 

06 лістапада 2022, 13:53