Касцёл у Бахрэйне – маленькі статак, які прымае Папу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У 1930-я гады ў сувязі з развіццём нафтаздабыўнай прамысловасці ў Бахрэйне назіраўся міграцыйны бум. Замежнікі прыбывалі сюды ў пошуках працы не толькі з бліжэйшых краін, такіх як Ірак, Турцыя, Сірыя, Ліван, Палестына, Іарданія і Егіпет, але таксама з Шры-Ланкі, Індыі і Філіпін. Прадстаўнікі гэтых краін – пераважная большасць мясцовых католікаў.
Хрысціяне складаюць каля 15% насельніцтва. Акрамя працоўных мігрантаў у Бахрэйне ёсць таксама і невялікая колькасць вернікаў, якія прыбылі сюды яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і атрымалі грамадзянства.
Першы касцёл быў пабудаваны ў 1939 годзе: ён знаходзіцца ў сталіцы дзяржавы – Манаме – і носіць тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Другі – катэдральны касцёл Маці Божай Аравійскай у Авалі – толькі ў 2014 годзе. Яго кансэкрацыя прайшла ў 2021 годзе. У абодвух выпадках зямля для хрысціянскіх святынь была падаравана манаршымі асобамі.
У 2011 годзе ў Авалі быў заснаваны Апостальскі вікарыят Паўночнай Аравіі ў юрысдыкцыі якога знаходзяцца мясцовыя католікі. Душпастырскае служэнне ажыццяўляюць каля 65-ці святароў, многія з якіх належаць да Ордэну меншых братоў капуцынаў.
Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай пачаліся ў 1999 годзе. У 2014 годзе кароль Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль Халіфа наведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з Францішкам.