Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Вялікабрытаніі дапамагае сагрэцца бедным

Касцёл у Вялікабрытаніі арганізуе “цёплыя прасторы” для асобаў, якія не могуць сабе дазволіць абаграванне памяшканняў. Праблема выклікана ростам цэн на энергазабеспячэнне.

Ян Глінскі - Vatican News

Экуменічная арганізацыя Church Works разам з партнёрамі з сектара дабрачыннай дапамогі, у тым ліку і лакальным аддзяленнем каталіцкага таварыства Caritas, ініцыявала кампанію “Цёплае прывітанне”.

Паводле прагнозаў, гэтай зімой 16,4 мільёнаў брытанцаў будуць вымушаны перажыць бліжэйшыя месяцы без ацяплення, што ў два разы больш, чым было ў папярэднім годзе. Паводле арганізатараў акцыі, мераў дзяржавы па злагаджэнні наступстваў дадзенай сітуацыі будзе недастаткова.

У межах кампаніі “Цёплае прывітанне” была створана інтэрнэт-платформа, на якой лакальныя арганізацыі або супольнасці могуць рэгістраваць новыя “цёплыя прасторы”. На дадзены момант адгукнулася ўжо звыш трох тысяч груп. У праекце прымае актыўны ўдзел таксама Архідыяцэзія Ліверпуля, якая прапанавала для рэалізацыі акцыі два парафіяльных цэнтры, дзе патрабуючыя змогуць прабываць пасля апоўдня і мець магчымасць выпіць каву або гарбату і з’есці невялікі пачастунак.

Павелічэнне коштаў на энергазабеспячэнне не толькі вядзе да адмаўлення ад ацяплення, але і выклікае рост цэнаў на прадукты першай неабходнасці. У кастрычніку ў Вялікабрытаніі было адзначана павышэнне цэнаў на звыш чым
11 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам. Апошні раз такі імклівы рост цэнаў назіраўся там 40 гадоў таму.
 

25 лістапада 2022, 09:12