Лаўрэат Прэміі Ратцынгера: Айцы Касцёла – мадэль для сучаснасці
Святар выкладае патралогію і дагматычную тэалогію ў Цэнтры Сеўр, езуіцкім каледжы ў Парыжы. На яго думку, уручэнне Прэміі з’яўляецца ацэнкай ролі патралогіі ў сучасным Касцёле.
“Айцы Касцёла былі хрысціянамі першых стагоддзяў, якія хацелі перадаць Евангелле сваім сучаснікам і дапамагчы ім паглыбіць хрысціянскую веру, маючы на ўвазе, што яны жылі ў культуры, якая моцна адрознівалася ад культуры Палесціны, дзе нарадзілася хрысціянства. Можна сказаць, што яны займаліся інкультурацыяй Евангелля, каб перадаць веру і яе разуменне ў свеце, які быў даволі далёкім ад семіцкага. І рабілі яны гэта сапраўды выдатным чынам у розных галінах хрысціянскай думкі і жыцця Касцёла”, - заўважыў патролаг.
На яго думку, Айцы Касцёла могуць быць узорам для сучасных хрысцін. Сёння патрэбны людзі, якія ўмеюць казаць пра хрысціянства на зразумелай для грамадства і культуры мове.
У выпадку Айцоў Касцёла важна таксама і тое, адзначыў ксёндз Феду, што іх творы маюць найперш экзэгетычны і духоўны характар. Яны стварылі выдатную тэалогію духоўнасці. Святаайцоўская літаратура ў значнай ступені духоўная. Дастаткова згадаць Споведзь святога Аўгустына або творы айцоў пустыні.
Другім сёлетнім лаўрэатам стане 71-гадовы Джозэф Халеві Хоравіц Вайлер, выкладчык права ў шматлікіх універсітэтах і інстытутах правазнаўства ў свеце.
Прэмію Ратцынгера ўручаць сёлета ў дванаццаты раз. Яе атрымліваюць за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI.