Пошук

Нямецкія біскупы падчас святой Імшы ў Ватыканскіх гротах Нямецкія біскупы падчас святой Імшы ў Ватыканскіх гротах 

Нямецкі епіскапат з візітам ad limina у Ватыкане

Нямецкі епіскапат здзяйсняе візіт ad limina Apostolorum. Іерархі сустракаюцца з кіраўніцтвам структур Рымскай курыі, наведваюць папскія базылікі, а 17 лістапада 2022 года іх прыме на аўдыенцыі Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас візіту ў Ватыкан будуць адкрыта і шчыра разглядацца тэмы, якія абмяркоўваліся падчас сінадальнага шляху, - прыводзіць словы старшыні епіскапату, біскупа Георга Бэтцынга, інфармацыйнае агенцтва KAI.

Нямецкія пастыры невыпадкова былі запрошаны ў Рым менавіта цяпер, лічыць іерарх. Ён выказаў надзею на тое, што гэта дасць магчымасць дэталёва абмеркаваць спрэчныя пытанні, выкліканыя працэсам, які вядуць сумесна біскупы і свецкія, прадстаўленыя Цэнтральным камітэтам нямецкіх католікаў.

Канферэнцыя Біскупаў Германіі распачала візіт ad limina Apostolorum 14 лістапада Эўхарыстыяй ля магілы святога Пятра ў Ватыканскіх гротах. У гаміліі біскуп Бэтцынг звярнуў увагу на тое, што галоўны выклік Касцёла на яго радзіме – гэта захаванне адзінства, адначасова са спрыяннем навяртанню і аднаўленню.

Іерарх падкрэсліў таксама доўгі гістарычны шлях Касцёла, які з’яўляецца шляхам пасрэдніцтва паміж культурай і верай, шляхам узаемнага ўплыву, крытычнага распазнавання і пранікнення. “Амаль усё, чым сёння захапляюцца людзі ў “хрысціянскім Рыме” і на “хрысціянскім Захадзе” з пункту гледжання архітэктурных, мастацкіх, літаратурных, філасофскіх і навуковых дасягненняў, з’яўляецца вынікам узаемнага ўзбагачэння культуры і веры”, - сказаў ён.

Біскуп Бэтцынг адзначыў важнасць інкультурацыі веры, якая патрабуе ўважлівага слухання адзін аднаго, уважлівай аргументацыі і шчырага дыялогу паміж самімі сабой. “Захаванне еднасці, адначасова спрыяючы навяртанню і аднаўленню – гэта нялёгкі выклік для нашага Касцёла сёння. Але мы павінны адказаць на яго. І менавіта таму цудоўна, што мы, пілігрымы, просім дапамогі ў святых і Божага благаслаўлення ля магіл апосталаў і ў святых месцах”, - сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

17 лістапада 2022, 09:09