Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец нагадаў пра важнасць Эўхарыстыі ў хрысціянскім жыцці

Аб важнасці Эўхарыстыі ў хрысціянскім жыцці нагадаў Папа, прызначаючы кардынала Антоніў Аўгусту душ Сантуша Марту сваім спецыяльным пасланнікам на XVIII Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Бразіліі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У лісце на імя арцыбіскупа-эмерыта Фацімскага Францішак звярнуўся з асаблівым заклікам да бразільцаў, заахвочваючы іх збірацца разам на ламанні хлеба і малітве з радасцю і прастатой, як першыя хрысціяне, трываючы ў вучэнні апосталаў. Трэба сілкавацца гэтай вялікай таямніцай, каб людзі, якія жывуць на адной зямлі, былі асветлены адной верай і аб’яднаны адной любоўю, каб мы, якія з упэўненасцю абвяшчаем адкупленне чалавека ў Хрысце ў сакрамэнтальных знаках, усё больш спазнавалі збаўленне, - заахвоціў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што эўхарыстычны кангрэс у Бразіліі павінен быў адбыцца два гады таму, але з-за пандэміі яго прыйшлося адкласці да цяперашняга часу. Звяртаючыся да кардынала душ Сантуша Марту ён прызнаўся, што вырашыў прызначыць яго сваім пасланнікам з прычыны гістарычных сувязяў, якія існуюць паміж Партугаліяй і Бразіліяй з часоў першай евангелізацыі.

XVIII Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Бразіліі пройдзе з 11 па 15 лістапада 2022 года ў архідыяцэзіі Алінда-i-Рэсіфі.

10 лістапада 2022, 09:46