Пошук

Арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала Арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала 

Патрыярх Піцабала: у ісламскім свеце больш лічацца жэсты

Большасць мусульманаў запомняць факт сустрэчы рэлігійных лідараў, а не падпісаныя дакументы. Такую думку выказаў лацінскі Патрыярх Іерусаліма арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала.

Ян Глінскі

7 лістапада 2022 года падчас лекцыі ў рымскім папскім інстытуце Seraphicum іерарх сцвердзіў, што ўплыў энцыклікі Fratelli tutti у мусульманскім свеце можна акрэсліць як мінімальны.

Арцыбіскуп Піцабала, які жыве на Блізкім Усходзе 32 гады, адзначыў, што ў мусульманскім свеце не цікавяцца “чытаннем і пазнаваннем дакументаў хрысціянскіх Цэркваў, у тым ліку Апостальскай Сталіцы”. Таксама Fratelli tutti з цяжкасцю выйдзе па-за кола спецыялістаў, якія ў большасці сваёй з’яўляюцца “свецкімі” вучонымі, а значыць не належаць да афіцыйнай ісламскай рэлігійнай сістэмы і розных рэлігійных інстытутаў. Як патлумачыў іерарх, на Блізкім Усходзе “рэлігійная думка, інфармацыя, камунікацыя, карацей кажучы, усё, што даходзіць да арабскага ісламскага насельніцтва на рэлігійныя тэмы, апасродкавана афіцыйнымі рэлігійнымі інстытутамі: мячэцямі, імамамі, ісламскімі судамі”. З іншага боку, СМІ нават не маюць права распаўсюджваць матэрыялы, несумяшчальныя з ісламам.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма падкрэсліў, што не варта расцэньваць факт маўчання на Блізкім Усходзе пра папскую энцыкліку як пазіцыю непрыняцця або палемікі. Як ён дадаў, у грамадстве, моцна прасякнутым ісламскімі каштоўнасцямі, не займаюцца міжрэлігійным дыялогам. Тут больш лічацца жэсты. Такім жэстам, напрыклад, была сустрэча Папы з Вялікім імамам у Абу-Дабі ў 2019 годзе, якая зрабіла “велізарны ўплыў на свядомасць арабскай грамадскасці”. “Напэўна, ніхто не памятае, што казалі адзін аднаму героі сустрэчы, і ніхто не стане чытаць тэкст, які яны падпісалі, але дакладна кожны памятае сустрэчу і супольную гатоўнасць да супрацоўніцтва”, - адзначыў арцыбіскуп.

На Блізкім Усходзе, як ён падкрэсліў, іслам перажывае “глыбокі крызіс тоеснасці”, і ў такой сітуацыі “хрысціяне адчуваюць сябе аб’ектамі пераследу”, а яўрэі “баяцца адраджэння антысемітызму”. Як сцвердзіў іерарх, ім варта шукаць супольныя рысы, як прапануе Папа ў энцыкліцы, а не будаваць цалкам розныя, калі не антытэтычныя наратывы ў асобных супольнасцях.

“Мусульманскія лідары павінны зразумець, што хрысціянскія супольнасці, як і ўсе іншыя рэлігійныя супольнасці, з’яўляюцца неад’емнай часткай іх тэрыторыі, а адносіны з імі – неад’емнай часткай працэсу ўнутраных рэформаў”, - дадаў арцыбіскуп Піцабала.

На яго думку, “дыялог паміж людзьмі рэлігій на тэму супольных праблем” можа прынесці канкрэтныя і хуткія эфекты. Адначасова Патрыярх звярнуў увагу, што сёння, як ніколі раней, на Блізкім Усходзе з’явілася мноства таварыстваў, арганізацый і груп, рэлігійных і нерэлігійных, якія хочуць рабіць нешта разам для свайго народа.

11 лістапада 2022, 09:35