Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць другая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. 5 лістапада 2022 года тут сабраліся пілігрымы на сустрэчы з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. У праграме – Фацімскі ружанец, святая Імша, канферэнцыя, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Арцыбіскупы Антэ Ёзіч і Юзаф Станеўскі ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў памаліліся за загінулых у Курапатах і Трасцянцы. Гэтыя памятныя месцы сталіцы Апостальскі нунцый і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведалі 2 лістапада 2022 года. Курапаты – лясны масіў, дзе савецкія каты з НКУС масава расстрэльвалі ахвяр палітычных рэпрэсій. Трасцянец – лагер смерці, створаны нацыстамі.

На гродзенскіх могілках малітва за памерлых прайшла з удзелам арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча. 2 лістапада 2022 года на Эўхарыстыі на гарадскіх могілках сабраліся шматлікія вернікі. Пасля святой Імшы адбылася жалобная працэсія праз могілкі. Падчас стацый маліліся за памерлае духавенства, сваіх спачылых продкаў, усіх, хто пахаваны на гэтых і іншых могілках, за душы, якія церпяць у чыстцы.

У Магілёве біскуп Аляксандр Яшэўскі здзейсніў унясенне рэліквій мучанікаў Другой сусветнай вайны. Гэта адбылося 30 кастрычніка 2022 года ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўрачыста ўнёс рэліквіі айцоў францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, якія ў ліпені 1943 года сваёю ахвяраю ўратавалі каля 300 парафіянаў, асуджаных на смерць карнікамі, але самі былі закатаваныя. Прынялі мучаніцкую смерць у Баравікоўшчыне ля Івянца, у 1999 годзе далучаныя да ліку благаслаўлёных Каталіцкага Касцёла.

Дзень бедных у шосты раз прайшоў у Баранавічах. 30 кастрычніка 2022 года місіянеркі Святой Сям’і разам з вернікамі парафіі Маці Божай Фацімскай арганізавалі мерапрыемства, якое стала адказам на заклік Папы Францішка – паразважаць над таямніцай убогага Хрыста, які прыходзіць у асобе беднага чалавека – і ўключала святую Імшу, пачастунак, канцэрт народнага ансамбля.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 лістапада 2022, 08:49