Субстытут Дзяржсакратара з візітам у Венесуэле
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Праграма афіцыйнага візіту ўключае ў сябе наведванне двух гарадоў – Каракаса і Маракайбы, роднага горада арцыбіскупа Пэна Пары. У суботу ён урачыста адкрыў Музей сакральнага мастацтва ў арцыбіскупскім палацы ў сталіцы Венесуэлы, а таксама благаславіў новы Душпастырскі цэнтр імя кардынала Хасэ Алі Лебруна Марацінаса.
У той жа дзень Субстытут Дзяржсакратара сустрэўся з высокапастаўленымі дзяржаўнымі дзеячамі, у тым ліку з венесуэльскім лідарам Нікаласам Мадурам. У нядзелю, 13 лістапада, ватыканскі іерарх цэлебраваў Імшу ў касцёле Маці Божай Кандэлярскай, у якой захоўваюцца рэліквіі благаслаўлёнага Хасэ Грэгорыа Эрнандэса, вядомага як “лекар бедных”, сведка міру, духоўнай апецы якога Пантыфік даручыў міждысцыплінарны курсу Навукі аб міры, адкрыты ў Папскім латэранскім універсітэце.
14 лістапада арцыбіскуп Пэна Пара прыняў удзел у канферэнцыі на тэму Мастацтва, вера і спадчына. Іерарх звярнуў увагу на евангелізацыйны патэнцыял мастацтва, ставячы ў прыклад ініцыятыву, якая рэалізуецца ў Ватыкане і прадугледжвае знаёмства бедных, бяздомных і мігрантаў з шэдэўрамі Ватыканскіх музеяў. Ён нагадаў, што падтрымку такому падыходу да мастацтва яшчэ ў 2015 годзе выказаў сам Папа, сустрэўшыся ў Сікстынскай капэле з групай гэтых незвычайных наведвальнікаў.
Яшчэ адна цэлебрацыя, у якой прыме ўдзел арцыбіскуп Пена Пара перш чым вярнуцца ў Рым, адбудзецца 18 лістапада 2022 года, з нагоды свята Маці Божай Чыкінкірскай.