Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Стоўбцах з удзелам арцыбіскупаў Антэ Ёзіча і Юзафа Станеўскага прайшло перапахаванне парэшткаў Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага. Апостальскі нунцый і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўдзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі 9 снежня 2022 года ў новазбудаваным касцёле святога Казіміра. Намаганнямі пробашча ксяндза Ігара Лашука парэшткі айца Фабіяна былі адшуканыя ў Стоўбцах на месцы, дзе стаяў касцёл, зруйнаваны ў савецкія часы.

У Будславе ў межах Вялікай навэнны з удзелам біскупа Антонія Дзям’янкі адбылася малітоўная сустрэча, прысвечаная сям’і. 3 снежня 2022 года ў Нацыянальным санктуарыі прайшла ўжо трэцяя малітоўная сустрэча ў межах падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Тэмай сустрэчы стала сям’я як хатні Касцёл і аснова жыцця чалавека. Спатканне ўзначаліў біскуп Пінскі, які з’яўляецца Старшынёй Рады па справах сям’і пры біскупскай канферэнцыі.

На Смаргоншчыне ўшанавалі памяць святара, які служыў у Вішневе 62 гады. 4 снежня 2022 года ў парафіі святога Юды Тадэвуша цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі – у 20-ю гадавіну з дня смерці былога пробашча ксяндза Юзафа Кіселя. Мясцовыя вернікі напярэдадні прынялі ўдзел у рэкалекцыях, якія правёў айцец Язафат Кунцэвіч, якога ў свой час ахрысціў ксёндз Юзаф Кісель.

Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у вобразе святога Мікалая раздаў дзецям падарункі. 4 снежня 2022 года іерарх памаліўся з вернікамі парафіі святога апостала Андрэя і святога Леапольда Мандзіча, у якой нясуць служэнне святары з супольнасці палатынаў. Арцыбіскуп-эмерыт цэлебраваў дзве святыя Імшы: першую – з нагоды парафіяльнага адпусту, а другую – адмыслова для дзяцей.

Фармацыйная сустрэча маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Лідзе. 5 снежня 2022 года ў парафіі Святой Сям’і сабраліся 11 маладых святароў, якія служаць у розных кутках рэгіёна. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў ксёндз Павел Салабуда, адказны за фармацыю святароў. Ён заахвоціў прысутных прасіць аб Божых ласках, патрэбных для таго, каб найлепшым чынам правесці час Адвэнта.

Пробашч друйскай парафіі адкрыў персанальную мастацкую выставу ў Віцебску. 7 снежня 2022 года ў цэнтры сучаснага мастацтва прадставілі экспазіцыю Птушыны вянок святара Сяргея Сурыновіча. Выстаўленыя творы – 31 карціна ў тэхніцы алей на палатне – натхнёныя разважаннямі над тэмамі і праблематыкай, узнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка Laudato si’. Вобразы засяроджваюць позірк гледача на выявах птушак, што сустракаюцца ў Беларусі, многія з якіх унесены ў Чырвоную кнігу, некаторым з іх пагражае поўнае знішчэнне.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 снежня 2022, 10:42