Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Каталіцкія біскупы звярнуліся да вернікаў з нагоды свята Божага Нараджэння. У прыватнасці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што "Бог праз пакору і ўбоства Нованароджанага выпраўляе зло. Бог сышоў на зямлю, каб чалавек мог трапіць на неба. Ён стаў бедным, каб мы былі духоўна багатымі". Іерарх заклікаў, "нягледзячы на разнастайныя цяжкасці і праблемы, старацца даручаць нашую будучыню Божаму Провіду, абвяшчаць сучаснаму свету дар бэтлеемскай весткі супакою і справядлівасці, салідарнасці і прабачэння".

Аплаткавыя сустрэчы адбывацца па ўсёй краіне, а адна з найбольш асаблівых прайшла ў Гродне – там біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткай з беднымі. 21 снежня 2022 года традыцыйную сустрэчу і абед для бедных, бяздомных i маламаёмных зладзілі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта пры падтрымцы мясцовага Caritas. На аплаткавую сустрэчу з біскупам Гродзенскім сабралося больш за 100 чалавек.

Адвэнтавая сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі адбылася ў Паставах. 22 снежня 2022 года тут сабраліся маладыя мясцовыя вернікі і госці з Полацка, Браслава, Лынтупаў, Варапаева. Сустрэчу арганізаваў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко.

Пробашч Чырвонага касцёла перадаў Бэтлеемскі агонь праваслаўным. 20 снежня 2022 года ў парафію прынеслі сімвал Божага Нараджэння каталіцкія скаўты, а назаўтра ў плябанію, дзе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк жыве без электрычнасці, пры свечках, завіталі праваслаўныя скаўты, каб атрымаць ад яго асаблівае святло. Бэтлеемскі агонь міру яны перададуць супольнасцям Гродзенскай епархіі, а таксама ў праваслаўныя прыходы Расіі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 снежня 2022, 08:34