Пошук

Кардынал Луіс Сако Кардынал Луіс Сако  

Іракскі кардынал заклікаў да трохдзённага посту за мір

Кардынал Луіс Сако заклікаў вернікаў пасціцца за мір на працягу трох дзён перад Раством. Патрыярх Халдзейскай Царквы падкрэсліў, што адрачэнне “ўмацуе чалавечыя і духоўныя каштоўнасці і падрыхтуе да радасці Божага Нараджэння”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх адзначыў, што “святы – гэта не толькі ўспамін пра падзеі двухтысячагадовай даўніны або збор народных традыцый”. Бог у сваёй любові прысутны заўсёды. Таму кардынал заклікаў да канкрэтных праяў міласэрнасці, прапануючы, каб пост суправаджаўся дарам для патрабуючых.

Яго архідыяцэзія нядаўна дала прытулак сем'ям, выселеным уладамі Масула з мэтай пабудаваць на гэтай зямлі гандлёвы цэнтр. Яна таксама ахвяравала суму, эквівалентную 32 тысячам еўра, для падтрымкі тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Хрысціяне Ірака маюць патрэбу ў надзеі, - адзначыў кардынал Сако ў сваім паведамленні. На іх уплывае як эканамічнае становішча краіны, якая ў апошнія гады перажыла працяглыя войны, так і дыскрымінацыя з боку дзяржаўных інстытутаў. Многія з паслядоўнікаў Хрыста вырашаюць эміграваць.
 

20 снежня 2022, 11:11