Пошук

Gender-equality2aem.jpg

Кардынал: патрэбна энцыкліка, якая адмаўляе гендарную тэорыю

Гендарная тэорыя сур'ёзна супярэчыць чалавечай прыродзе і мае глыбокія наступствы для абвяшчэння асноў хрысціянскай веры, падрываючы ролю бацькі, маці, сужэнства і адносін паміж дзецьмі і бацькамі, - лічыць кардынал Вілем Эйк.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прымас Нідэрландаў падкрэсліў, што тэрмінова неабходны дакумент, які дакладна вызначыць канцэпцыю Каталіцкага Касцёла ў гэтай справе. Ён прапанаваў тут папскую энцыкліку, у якой будзе афіцыйна адкінута памылковая антрапалогія, што ляжыць у аснове гендарнай тэорыі.

Іерарх ужо абмяркоўваў гэта з Папам падчас візіту ad limina нідэрландскага епіскапату і звярнуўся з афіцыйным запытам у Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Цяпер ён напісаў пра неабходнасць дакумента па гэтай праблематыцы ў адкрытым лісце, дзе тлумачыць асноўныя небяспечныя моманты гендарнай тэорыі, якія вынікаюць з памылковай антрапалогіі, што ляжыць у яе аснове. Ён звярнуў увагу на тое, што католікі павінны атрымаць ясную і выразную пазіцыю Касцёла, каб свядома супрацьстаяць ідэалогіі, якую прасоўваюць міжнародныя арганізацыі, такія як ААН.

Прымас Нідэрландаў прызнаў, што ролі жанчын і мужчын могуць змяняцца пад уплывам сацыяльна-культурных фактараў, але немагчыма цалкам аддзяліць тое, як асобныя полы выяўляюць сябе ў супольнасці, ад іх біялагічнай сексуальнасці.

Ён звярнуў увагу на тое, што гендарная тэорыя мае сур’ёзныя наступствы для абвяшчэння асноў хрысціянскай веры, падрываючы ролю бацькі, маці, сужэнцаў, сужэнства і адносін паміж дзецьмі і бацькамі.

Кардынал Эйк нагадаў, што хоць папскае вучэнне адмаўляе гендарную тэорыю, гэта толькі фрагментарныя і несістэматызаваныя заявы. Бэнэдыкт XVI асудзіў гендарную тэорыю ў прамове перад Рымскай курыяй у снежні 2012 года. Францішак назваў гендар адной з галоўных праяў зла ў сучасным свеце. Фактычна гэта тэорыя з’яўляецца атакай на іншасць, на крэатыўнасць Бога, Які хацеў стварыць чалавека як мужчыну і жанчыну.
 

13 снежня 2022, 12:53