Пошук

Кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга Кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга 

Кардыналу Марадзьягу – 80: 125 выбаршчыкаў

Арцыбіскупу Тэгусігальпы і каардынатару Рады кардыналаў 29 снежня 2022 года споўнілася 80 гадоў, ён страціў права ўдзельнічаць у наступным канклаве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Першы ў гісторыі Гандураса кардынал, салезіянін, Оскар Радрыгес Марадзьяга з’яўляецца адной з найвыбітнейшых постацей Касцёла ў Лацінскай Амерыцы і адным з найбольш адукаваных каталіцкіх іерархаў свеце. Ён нарадзіўся ў 1942 годзе ў Тэгусігальпе ў інтэлігентнай сям’і. Яго дзядуля па бацькоўскай лініі быў міністрам адукацыі Гандураса. Будучы кардынал граў на саксафоне і фартэпіяна, атрымаў пасведчанне пілота рэактыўнага самалёта.

У 1961 годзе ўступіў у Таварыства святога Францішка Сальскага. Першапачатковую фармацыю праходзіў у Сальвадоры. Працягваў вучыцца музыцы, абараніў дактарат па філасофіі, выкладаў фізіку, матэматыку, хімію, музыку, эклезіялогію ў розных салезіянскіх навучальных установах.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1970 годзе ў Гватэмале. Працягваў вучобу ў Папскім салезіянскім універсітэце і Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме, дзе ў 1974 годзе абараніў дактарат па маральнай тэалогіі. У Інсбрукскім універсітэце ў Аўстрыі атрымаў дыплом па клінічнай псіхалогіі і псіхатэрапіі. З 1975 па 1978 год – рэктар Салезіянскага тэалагічнага інстытута ў Гватэмале.

28 кастрычніка 1978 года Ян Павел ІІ прызначыў 36-гадовага Марадзьягу дапаможным біскупам Тэгусігальпы: гэта было адно з першых біскупскіх прызначэнняў Караля Вайтылы пасля абрання Пантыфікам. З 1981 па 1984 год малады іерарх быў таксама Апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Санта-Роса дэ Капан. У 1993 годзе стаў арцыбіскупам Тэгусігальпы, да 1995 года займаў пасаду Апостальскага адміністратара дыяцэзіі Сан-Пэдра Сула. З 1995 па 1999 – старшыня Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі (CELAM). У 2001 годзе, у 59-гадовым узросце, быў уключаны ў Калегію кардыналаў. З 2007 па 2015 год – старшыня Caritas Internationalis.

У 2013 годзе Францішак прызначыў кардынала Оскара Радрыгеса Марадзьягу членам і каардынатарам Рады кардыналаў па дапамозе ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўкі праекту рэформы Рымскай курыі.

Пасля дасягнення кардыналам Марадзьягам 80-гадовага ўзросту ў Калегіі кардыналаў, якая на дадзены момант складаецца з 224 іерархаў, засталося 125 выбаршчыкаў.
 

29 снежня 2022, 12:05