Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сірыя: хрысціяне Ідліба застануцца на святы без ялінкі

“Я вяртаюся ў Сірыю да маіх вернікаў з пажаданнямі ад самога Папы. Верым, што аднойчы і мы зможам ізноў святкаваць Божае Нараджэнне”, – адзначыў айцец францішканін Хана Джалуф, які нясе служэнне ў адной з сірыйскіх правінцый, што застаецца пад кантролем джыхадзістаў.

Ян Глінскі

Па словах святара, на сёння ўсё рэлігійнае жыццё вернікаў абмяжоўваецца сценамі святыні. “У сваім доме яны не могуць нават паставіць святочнай ялінкі. Гэта строга забаронена, – дадаў францішканін. – Нашай верай мы можам жыць толькі ў касцёле. Калі ж выходзім вонкі, то павінны зняць усе хрысціянскія сімвалы. Мы не можам біць у званы, не можам насіць хабіт. Жанчыны павінны закрываць твар і так далей. Чым больш нас абмяжоўваюць, тым больш мы радуемся ў веры”.

У мінулую суботу айцец Джалуф быў адзначаны Прэміяй імя святой Маці Тэрэзы з Калькуты, устаноўленай Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні. Папа ўганараваў францішканіна за ахвярнае служэнне сваім суайчыннікам на падкантрольных ісламістам тэрыторыях.

“Мы жывём у правінцыі Ідліб у паўночнай Сірыі, у 43 кіламетрах ад Антыёхіі. Мы знаходзімся ў вельмі балючым становішчы. Калісьці тут было 10 тысяч хрысціянаў. Зараз нас 600, 210 сем’яў у трох вёсках. Усе астатнія ўцяклі, таксама святары і сёстры законныя”, – патлумачыў францішканін, які застаўся разам з адным сваім сабратам, і ўдвох яны працягваюць служыць мясцовым жыхарам, несучы ім духоўную, а таксама гуманітарную і медыцынскую дапамогу.

Сірыйскі законнік падкрэсліў, што Бог заўсёды быў з імі, “нёс палёгку ў цярпеннях, даваў сілы, каб вытрываць, нават калі нас выкрадалі, трымалі ў няволі”. “Мяне прымушалі стаць мусульманінам, але Пан даў сілы, каб я вытрываў, і даў мне адвагу даць сведчанне пра нашу хрысціянскую веру. Людзі, сярод якіх мы жывём, ведаюць, што мы лаяльныя і шчырыя”, – падзяліўся айцец Хана Джалуф.

22 снежня 2022, 09:43