Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскупы заклікалі да малітвы за Папу Бэнэдыкта XVI. Пасля таго як Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 28 снежня 2022 года папрасіў аб малітве за свайго цяжка хворага папярэдніка, з такою ж просьбаю маліцца за Папу эмэрыта звярнуліся да духавенства і вернікаў каталіцкія біскупы Беларусі. Яны заахвоцілі "падтрымаць малітвай адданага слугу і іерарха Хрыстовага Касцёла, вялікага абаронцу веры нашага часу".

Фестываль духоўнай музыкі праходзіць у Мінску. Традыцыйныя Калядныя вечары на Залатой Горцы ладзяць з 26 снежня 2022 года па 23 студзеня 2023 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). Тут ужо выступілі літургічны хор Голас душы, парафiяльны хор Verum cantus, арганістка Ганна Горбач.

Калядны турнір па міні-футболе сярод каталіцкіх парафій прайшоў у Гродне. У спаборніцтвах 28 снежня 2022 года ўдзельнічалі каманды 8 парафій. Першае месца заняла зборная Баранавіч (парафіі Маці Божай Фацімскай, святога Яна Паўла II, Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай, Узвышэння Святога Крыжа). На турніры прысутнічаў прафесійны футбаліст з польскага клуба Алімпія Эльблёнг Ян Сянкевіч, які паходзіць з Гродна. Ён вызначаў лепшых гульцоў і ўзнагароджваў іх.

У Бялынічах на Божае Нараджэнне адбылася сустрэча сем’яў. На імпрэзу ў мясцовай парафіі сёлета сабраліся 77 чалавек, не лічачы бацькоў і дзядуляў з бабулямі. Святкаванне распачалося цэлебрацыяй святой Імшы ў інтэнцыі сем’яў бялыніцкай парафіяльнай супольнасці і ўсіх тых, хто пілігрымуе да Каралевы Беларусі. Другая частка Каляднай сустрэчы прайшла ў кафэ і мела адукацыйна-забаўляльны характар.

У Навагрудку на гарадской плошчы адкрылі жывую батлейку. Ініцыятыва належала гарадскім уладам і мясцовай парафіі святога Арханёла Міхала. Адкрыццё батлейкі распачалося 23 снежня 2022 года Эўхарыстыяй у касцёле, а затым на плошчы моладзь прадставіла калядную пастаноўку. У батлейцы ёсць вослік, авечкі, ягняты, баранчыкі і козы, побач ладзяцца калядны кірмаш і атракцыёны.

У Гродне развіталіся з айцом Юзафам Гэнзам, які вымушаны быў вярнуцца ў Польшчу пасля 26 гадоў служэння ў Беларусі. 27 снежня 2022 года ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на ўрачыстай Імшы падзякавалі рэдэмптарысту – Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам шматлікіх святароў. Айцец Юзаф таксама выказаў словы падзякі – усім вернікам за той час, які ён правёў у Гродне, і за кожнага, каго сустрэў. І заахвоціў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

Біскупская канферэнцыя на свята Святой Сям’і падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у абароне зачатага жыцця і прыняў на сябе цяжар Духоўнага ўсынаўлення. Іерархі пажадалі, каб Новы год даў хрысціянскім сем’ям "свежыя сілы для карыстання дарамі, якімі іх адарыў Бог", а вера ў Нараджэнне Езуса Хрыста ўчыніла "здольнымі здзяйсняць важнае служэнне на карысць жыцця чалавечай асобы".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

31 снежня 2022, 09:27