Пошук

Біскуп Ян Сабіла Біскуп Ян Сабіла 

Украінскі біскуп: ва ўмовах вайны інакш адкрываеш Адвэнт

У актуальных ваенных умовах больш адкрываеш духоўнае вымярэнне Адвэнту, – адзначыў дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла.

Ян Глінскі

Як падкрэсліў украінскі іерарх, жыхары Запарожжа, нягледзячы на абстрэлы, масава прыходзяць на Рараты. На гэтых прыфрантавых тэрыторыях, як нагадаў біскуп, гэта ўжо чарговы ваенны Адвэнт, але сёлета ён найцяжэйшы і мае цалкам іншы характар.

“Калі няма святла, людзі баяцца выйсці са сваіх дамоў, бо не ведаюць, ці будзе транспарт. Усё агорнута цемрай – і гэта ўплывае на духоўнае жыццё, – адзначыў біскуп Сабіла. – Тут людзі ведаюць шмат малітваў на памяць, і для нас, пастыраў, гэта з’яўляецца знакам, што, пачынаючы ад маленства, чалавека трэба вучыць малітвам, каб умеў маліцца”.

Бываючы на лініі фронту іерарх бачыць “якім скарбам у актуальнай сітуацыі з’яўляецца тое, што чалавек ведае малітвы і можа чытаць іх па памяці”.

Біскуп распавёў, што ў Запарожжы падрыхтоўка да свята Божага Нараджэння сёлета яднаецца з падрыхтоўкай да споведзі і святой Камуніі тых, хто нядаўна прыйшоў у Касцёл.

“Цікавая рэч, што многія людзі стараюцца прыйсці на раратнюю Імшу, хоць ёсць цяжкасці. Лёгка адчуць малітоўны характар, а таксама ўсведамленне людзьмі, што самае важнае не тое, што мы паставім на стол, і ці ўдасца нам нейкую ялінку знайсці, бо тут няма лясоў, – працягваў іерарх. – Важна стварыць духоўную атмасферу, што Езус прыйшоў, а я ў гэтым годзе магу адчуць сябе, як у Бэтлееме, у той халоднай стайні, дзе нарадзіўся Пан, без святла”.

“Падобна на тое, што ў многіх вёсках і гарадах Украіны не будзе святла і ў ноч на Божае Нараджэнне. Усё гэта рыхтуе нас да глыбокага дотыку да таямніцы прыйсця Езуса, які ўвайшоў у нашу нядолю і падзяліў з намі наш лёс. Гэтыя складаныя ўмовы дазволяць нам зразумець, як моцна Бог нас любіць. Мы гаворым пра гэта ў раратніх казаннях, каб людзі не баяліся таго, што можа быць; каб не перажывалі, што не хапае многіх рэчаў, што можа быць холадна і не будзе электрычнасці, бо з намі Пан, які застаецца асабліва блізка з тымі, каму цяжка”, – падзяліўся дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі.

22 снежня 2022, 10:02