Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
 
У касцёлах Беларусі цэлебравалі Імшы ў інтэнцыі спачылага Папы-эмерыта. У дзень пахавання Бэнэдыкта XVI, 5 студзеня 2023 года, беларускія вернікі таксама маліліся аб супакоі яго душы. У прыватнасці, у Мінску цэлебрацыя прайшла ў архікатэдры з удзелам іерархаў: Генеральных вікарыяў архідыяцэзіі біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага, арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.
 
У Будславе праходзіць сустрэча катэхетаў і настаўнікаў Віцебскай дыяцэзіі ў межах Вялікай навэнны. 7 студзеня 2023 года ў Нацыянальным санктуарыі ў адбываюцца набажэнствы, канферэнцыі, аплаткавае спатканне. Святую Імшу цэлебруе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Вялікая дзевяцімесячная навэнна падрыхтоўкі да юбілею каранацыі цудадзейнага абраза – асаблівая малітва, якая ладзіцца паводле рашэння біскупскай канферэнцыі ў першыя суботы месяца ад кастрычніка 2022 года і працягнецца да чэрвеня 2023 года.
 
Першы хрысціянскі навагодні фільм ужо паглядзелі звыш 5 тысяч чалавек. Радыё Марыяразам з вялікай колькасцю каталіцкіх супольнасцей з усёй Беларусі выпусціла ўласную святочную стужку, прэм'ера якой прайшла на YouTube 31 снежня 2022 года. Першы каталіцкі навагодні фільм мае назву Прыгоды снежкі, альбо Як мы надзею шукалі. Паводле аўтараў, яго стварылі, каб дапамагчы вернікам "захаваць сябе на свята ў хрысціянскай сістэме каштоўнасцяў, адчуць еднасць і маральную падтрымку".
 
Біскуп Юры Касабуцкі правёў аплаткавыя сустрэчы для дзяцей і міністрантаў. 2 студзеня 2023 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сустрэўся з дзецьмі ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля. А назаўтра ў архікатэдральным касцёле адбылася аплаткавая сустрэча, на якой сабраліся каля 50 міністрантаў школьнага ўзросту з сямі парафій Мінска і Мінскага раёна.
 
Фестываль рэлігійнай песні прайшоў у Мёрах. 4 студзеня 2023 года маладыя выканаўцы з розных мясцін Беларусі прыбылі на штогадовы фестываль Зорка Бэтлеема. Гасцей і ўдзельнікаў прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а пасля – уручыў узнагароды пераможцам конкурсу, якіх журы вызначыла ў чатырох намінацыях.
 
У сваё 77-годдзе арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай архікатэдры. Памаліцца разам з архіпастырам 3 студзеня 2023 года сабраліся духавенства і вернікі. Заслужаны іерарх у гаміліі засяродзіўся на ўспаміне ў гэты дзень Найсвяцейшага Імя Езуса і заахвоціў вернікаў заўсёды прамаўляць яго з пашанай і любоўю, "бо яно прыносіць суцяшэнне, сілу і супакой".
 
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

07 студзеня 2023, 08:55