Барталамей І: няхай памяць пра Бэнэдыкта XVI будзе вечнай
Аляксандр Панчанка – Vatican news
Узгадваючы “з павагай, любоўю і ўдзячнасцю” пра памерлага Папу-эмерыта, праваслаўны іерарх нагадаў, што на пачатку свайго пантыфікату Бэнэдыкт XVI наведаў Канстантынопальскі Патрыярхат і імі была падпісана сумесная дэкларацыя.
“Мы шмат супрацоўнічалі”, - дадаў Патрыярх, прыводзячы ў якасці прыкладу сваю прамову на малітве Нешпараў у Сікстынскай капэле падчас Сінода Біскупаў аб Божым слове, які праходзіў у 2008 годзе.
Барталамей І адзначыў, што Бэнэдыкт XVI быў “вялікім тэолагам”, а сярод яго вучняў былі і праваслаўныя, у тым ліку будучы архіепіскап Аўстралійскі Стыліян і мітрапаліт Швейцарскі Дамаскін. “Я сам чуў ад Бэнэдыкта XVI, што ён лепш пазнаў праваслаўе дзякуючы сваім праваслаўным вучням”, - сказаў іерарх.
Патрыярх Канстантынопальскі падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI праявіў “сілу духа і мужнасць”, калі пакінуў пасаду пасля васьмі гадоў пантыфікату і амаль шасці стагоддзяў пасля падобнай падзеі. Барталамей І паведаміў, што на пахаванні Бэнэдыкта XVI Сусветны Патрыярхат будуць прадстаўляць: Мітрапаліт Халкідонскі Эмануіл і Мітрапаліт Італійскі Палікарп.