Пошук

Падчас ватыканскай духоўнай сустрэчы з палітычнымі лідарамі Паўднёвага Судана. 11.04.2019 Падчас ватыканскай духоўнай сустрэчы з палітычнымі лідарамі Паўднёвага Судана. 11.04.2019  (Vatican Media)

Эксперт: візіт Папы ў Паўднёвы Судан – экуменічная пілігрымка

Эксперт па Паўднёвым Судане, пісьменнік Джон Эшварт звярнуў увагу на экуменічны характар будучага падарожжа Францішка ў гэту самую маладую краіну ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Уласна кажучы, “гэта не папскі візіт”, а “экуменічная пілігрымка”, - заўважыў брытанец у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA. Ён падкрэсліў, што справа тут не толькі ў фармулёўках.

З 3 па 5 лютага 2023 года Папа плануе здзейсніць даўно запланаванае падарожжа ў Паўднёвы Судан. Яго будуць суправаджаць ганаровы кіраўнік англіканскай супольнасці Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі і мадэратар Генеральнай асамблеі Прэсвітэрыянскай Царквы Шатландыі Іен Грыншылдс. Перад візітам у Паўднёвы Судан, 31 студзеня - 3 лютага 2023 года, Пантыфік наведае Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

Хрысціянскія цэрквы ў Паўднёвым Судане самі па сабе “вельмі экуменічныя”, адзначыў Эшварт, які на працягу 40 гадоў падтрымлівае вернікаў у Судане і Паўднёвым Судане ў якасці каталіцкага місіянера. Ён падкрэсліў, што такім жа важным, як і гэтае сумеснае, сімвалічнае падарожжа хрысціянскіх лідараў, з’яўляецца той факт, што “на працягу многіх гадоў” Цэрквы разам працуюць на карысць міру.

У 2013-18 гадах у Паўднёвым Судане ішла грамадзянская вайна. Сёння старыя сапернікі Сальва Кіір Маярдзіт і Рыек Мачар займаюць пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ў сумесным урадзе. На падставе Рымскай дэкларацыі 2020 года таксама вядуцца перамовы з паўстанцамі, якія не падпісалі мірнае пагадненне ў жніўні 2018 года. У гэтым дакуменце ўрад і паўстанцы прызнаюць “нястомныя заклікі” каталіцкіх, англіканскіх і прэсвітэрыянскіх лідараў да “міру, згоды і братэрства”.

Па словах Эшварта, застаецца адкрытым пытанне, ці змогуць хрысціянскія лідары падчас свайго візіту паўплываць на погляды сярод эліты Паўднёвага Судана. “Тым не менш, для Цэркваў і народа краіны гэта будзе важны, матывуючы візіт салідарнасці”, - лічыць эксперт.

Дэвізам папскай пілігрымкі ў Паўднёвы Судан з’яўляюцца словы Езуса: “Прашу, каб усе былі адно”, з так званай Святарская малітвы, змешчанай у 17-м раздзеле Евангелля святога Яна.
 

16 студзеня 2023, 11:08