Мітрапаліт Епіфаній пра моцны антываенны голас Святога Айца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прадстаяцель аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Украіны ўваходзіць у склад дэлегацыі Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый, якую 25 студзеня 2023 года ў Ватыкане прыняў Пантыфік.
“Мы таксама верым, што голас Францішка супраць гэтага зла, якое напала і знішчае Украіну, моцны, і ён павінен быць пачуты”, - заявіў іерарх у інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву SIR.
“Мы змагаемся за свабоду. Не толькі за свабоду ўкраінцаў, але і за свабоду ўсёй Еўропы. Папа з’яўляецца рэлігійным лідарам для ўсяго свету. Таму для нас важныя яго думкі, яго словы, але яшчэ больш яго малітвы. Мы асаблівым чынам адчуваем у гэты цяжкі момант нашай гісторыі яго духоўную падтрымку праз малітву. Але Папа не толькі рэлігійны лідар. Ён таксама кіраўнік дзяржавы. І многія людзі па ўсім свеце слухаюць яго. На дадзены момант для ўкраінцаў вельмі важная падтрымка іншых краін”, - сказаў Епіфаній.