Кардынал: нямецкая “сінадальна рада” не ўласцівая каталіцтву
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Насуперак негатыўнаму меркаванню Апостальскай Сталіцы, нямецкая ініцыятыва пад назвай “сінадальны шлях” імкнецца стварыць “сінадальную раду” як орган кіравання супольнасцю каталіцкіх вернікаў.
“Магчыма, гэта практыка іншых Цэркваў, але не наша. Таму што гэта несумяшчальна з каталіцкай эклезіялогіяй і выключнай роляй біскупаў”, - сказаў канадскі іерарх у інтэрв’ю парталу Omnes.
Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, разам з кардыналамі П’етра Паралінам і Луісам Ладарыяй, з’яўляецца падпісантам зацверджанага Папам ліста, у якім Святы Пасад перасцерагае Касцёл у Германіі ад стварэння так званай “сінадальнай рады”. Мясцовы епіскапат не прыслухаўся да ўказання. Яго старшыня заявіў, што біскупы не адмаўляюцца ад прызначэння Рады і што яны змогуць узгадніць гэта рашэнне з Кодэксам кананічнага права.
У інтэрв'ю іспанскаму парталу кардынал Уэле таксама негатыўна ацаніў сам нямецкі “сінадальны шлях”. Ініцыятыва выклікае падзелы як у Касцёле, так і паміж біскупамі, сее замяшанне сярод народа Божага, - лічыць прэфект.
Варта адзначыць, што ў такім жа тоне пра “сінадальны шлях” у Германіі выказваецца і Папа. У нядаўнім інтэрв'ю агенцтву Associated Press ён адзначыў, што ініцыятыва мае выразныя ідэалагічныя рысы. “Небяспека ў тым, - сказаў Францішак, - што ўкрадваецца нешта вельмі ідэалагічнае. Калі ідэалогія ўваходзіць у касцёльныя працэсы, Дух Святы адыходзіць, таму што ідэалогія пераважае над Ім”. Пантыфік не лічыць карысным вопыт Германіі. На яго думку, гаворка ідзе пра занадта элітарны працэс, без рэальнага ўдзелу народа Божага.