Пошук

Падчас сінадальнай сустрэчы ў Мельбурне Падчас сінадальнай сустрэчы ў Мельбурне  

Касцёл у Акіяніі рыхтуе кантынентальную сінадальную асамблею

Каталіцкі Касцёл у Акіяніі рыхтуецца да кантынентальнай сінадальнай асамблеі. Удзельнікі працэсу спадзяюцца, што дакумент, які падрыхтуюць пасля сустрэчы, адлюструе памкненні мясцовых вернікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі чатырох ціхаакіянскіх біскупскіх канферэнцый сустрэліся ў аўстралійскім Мельбурне, каб абмеркаваць працоўны дакумент для кантынентальнага этапу, падрыхтаваны ў кастрычніку 2022 года Генеральным сакратарыятам Сінода Біскупаў.

Плён гэтай працы будзе прадстаўлены на лютаўскім пасяджэнні Федэрацыі каталіцкіх біскупскіх канферэнцый Акіяніі (FCBCO) на Фіджы.

Сьюзан Паскоў, кіраўнік рабочай групы Сінода, сказала, што адказы на сінадальныя анкеты ў Ціхаакіянскім рэгіёне вельмі падобныя на адказы ў іншых краінах свету. Яны адлюстроўваюць больш шырокую дыскусію ў Касцёле наконт таго, ці працягваем мы заставацца Касцёлам, які перадае “вучэнне Хрыста аб любові і сэнсе жыцця для параненых людзей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні”.

Старшыня епіскапату Акіяніі, арцыбіскуп Пітэр Лой Чонг патлумачыў, што пяцідзённая сустрэча ў Мельбурне мела на мэце прачытаць працоўны дакумент вачыма народаў Акіяніі праз малітоўную праніклівасць. “Мы хацелі пацвердзіць тое, што ёсць у дакуменце, а таксама, грунтуючыся на каментарыях чатырох епіскапатаў з Акіяніі, выявіць прабелы, напружанасць і нават адсутныя меркаванні”, - сказаў Мітрапаліт Сува на Фіджы.

Тэрэза Кілі, якая была адной з трох прадстаўніц Новай Зеландыі ў Мельбурне, выказала надзею на тое, што дакумент, які падрыхтуюць пасля Кантынентальнай асамблеі, будзе сапраўды рэпрэзентатыўным для народаў Акіяніі і што ў ім не забудуць пра людзей, якія жывуць у вёсках, не маюць доступу да сучасных тэхналогій, пра тых, хто адчувае сябе выключаным з Касцёла. Гэта дазволіць нам “сумленна паглядзець на сябе як на Касцёл і вырашыць, як мы хочам рухацца наперад у будучыню”, - лічыць удзельніца сінадальнага працэсу.

Грэйс Вракія, прадстаўніца Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых Астравоў, звярнула ўвагу на тое, што сама канцэпцыя сінадальнасці блізкая народам Акіяніі. Яна спадзяецца, што такі падыход застанецца пастаянным метадам працы Касцёла.
 

18 студзеня 2023, 10:31