Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з кіраўніком руху Comunione e Liberazione Папа падчас аўдыенцыі з кіраўніком руху Comunione e Liberazione  (Vatican Media)

Кіраўнік руху Камунія і вызваленне пра папскую аўдыенцыю

13 студзеня 2023 года Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі кіраўніка супольнасці Камунія і вызваленне (Comunione e Liberazione), падчас якой гаворка ішла пра намаганні на карысць міру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасля аўдыенцыі Давідэ Праспэры скіраваў членам сваёй арганізацыі ліст, апублікаваны італьянскай Avvenire.

"Дзялюся з вамі радасцю: Папа Францішак прыняў мяне на прыватнай аўдыенцыі ў мінулую пятніцу, 13 студзеня", - так пачынаецца кароткі ліст 50-гадовага Давідэ Праспэры, прафесара біяхіміі і дырэктара Цэнтра нанамедыцыны Міланскага універсітэта Бікока, які з лістапада 2021 года кіруе касцёльным рухам, заснаваным ксяндзом Луіджы Джусані.

"Я расказаў яму пра той шлях, які мы прайшлі за месяцы пасля таго памятнага дня на плошчы святога Пятра", - напісаў Праспэры, спасылаючыся на сустрэчу Пантыфіка з чальцамі руху, якая адбылася ў Ватыкане 15 кастрычніка 2022 года.

“Святы Айцец пацвердзіў павагу, якую ён адчувае да нашага досведу, успамінаючы, у прыватнасці, з якім энтузіязмам ён чытаў творы айца Джусані, разумеючы, што гэта духоўнасць для нашага часу”, - напісаў Праспэры.

Акрамя таго, размова ішла пра ініцыятыву, якая будзе рэалізавана ў бліжэйшы час: “Я таксама паведаміў пра мерапрыемства за мір ва Украіне, якое мы правядзем у Рыме 20 студзеня разам з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі, і дырэктарам Avvenire Марка Тарквініа”, у адказ на што Папа паўтарыў, што “вельмі разлічвае на нашу падтрымку” яго намаганняў на карысць міру.

18 студзеня 2023, 13:37