Пошук

Падчас сустрэчы паміж прадстаўнікамі ЕС і рэлігійнымі лідарамі Падчас сустрэчы паміж прадстаўнікамі ЕС і рэлігійнымі лідарамі  

Прадстаўнікі Касцёла і ЕС пра грамадскія наступствы вайны

Епарх Кошыцкі Кірыл Васіль і арцыбіскуп Дыжонскі Антуан Эруар прынялі ўдзел з боку Каталіцкага Касцёла ў сустрэчы паміж рэлігійнымі лідарамі і афіцыйнымі асобамі ЕС. Тэмай стала абмеркаванне грамадскіх наступстваў вайны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Грэка-каталіцкі іерарх падзяліўся вопытам таго, як касцёльныя супольнасці з самага пачатку дапамагаюць украінскім бежанцам ва Усходняй Славакіі. Ён падкрэсліў, што хрысціяне вельмі часта выступаюць на перадавой у сферы гуманітарнай дапамогі; гэта таксама мае месца ў цяперашняй ваеннай сітуацыі. Таму ён папрасіў Еўрасаюз падтрымаць валанцёраў і арганізацыі, якія дапамагаюць людзям ва Украіне.

У сваю чаргу арцыбіскуп Эруар падкрэсліў неабходнасць клопату аб самых бедных у ЕС ва ўмовах крызісу, які працягваецца. Гаворка ідзе не столькі пра ўвядзенне адпаведнай сацыяльнай палітыкі, колькі пра “палітыку, скіраваную на рэальную салідарнасць з найбольш слабымі членамі грамадства”.

Сустрэчы паміж прадстаўнікамі ЕС і рэлігійнымі лідарамі адбываюцца рэгулярна ў рамках Дамовы аб функцыянаванні Еўрасаюза. Кардынал Жан-Клод Олерыш, старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), адзначыў, што “ўклад Касцёлаў з’яўляецца і павінен разглядацца як істотны складнік у развіцці палітыкі Еўрапейскага Саюза ў справе агульнага дабра”.
 

30 студзеня 2023, 10:06