Пошук

Кардынал Джордж Пэл Кардынал Джордж Пэл 

Святы Айцец спачувае пасля смерці кардынала Джорджа Пэла

Папа выказаў спачуванні пасля смерці кардынала Джорджа Пэла. Арцыбіскуп-эмерыт Сіднэя і былы прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях памёр 10 студзеня 2023 года на 81-м годзе жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прызнаўся, што “са смуткам” успрыняў навіну аб смерці іерарха. Ён адзначыў “паслядоўнае і адданае сведчанне” памерлага, яго “адданасць Евангеллю і Касцёлу, а асабліва стараннае супрацоўніцтва са Святым Пасадам у кантэксце нядаўняй эканамічнай рэформы, аснову якой ён заклаў з рашучасцю і мудрасцю”.

Пантыфік моліцца, каб “гэты верны слуга, які, не вагаючыся, настойліва ішоў за сваім Панам нават у гадзіну выпрабаванняў, быў прыняты ў радасць нябёсаў і атрымаў узнагароду вечнага спакою”.

Аўстралійскі кардынал быў прэфектам Сакратарыята па эканамічных пытаннях Святога Пасада ў 2014-2019 гадах, а ў 2013-2018 гадах – чальцом Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. На сваёй Радзіме ён быў арцыбіскупам Мельбурна ў 1996-2001 гадах, затым арцыбіскупам Сіднэя – у 2001-2014 гадах. Яго ведалі як пісьменніка і публіцыста.

Несправядліва абвінавачаны ў сексуальных злоўжываннях, Пэл правёў 400 дзён у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У рэшце рэшт ён быў цалкам апраўданы і вызвалены аднагалосным рашэннем Вярхоўнага суда Аўстраліі. Плёнам гэтага цяжкага перыяду стала кніга Турэмны дзённік.

У цяперашні час Калегія кардыналаў налічвае 223 іерарха, 125 з іх маюць права ўдзелу ў канклаве.
 

11 студзеня 2023, 12:32