Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Мінску ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян пройдзе экуменічнае набажэнства. Увечары 21 студзеня 2023 года ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій узначаліць арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Малітве папярэднічае святая Імша ў інтэнцыі адзінства хрысціян.

Здзейснены напад на касцёл у Магілёве. У ноч з 19 на 20 студзеня 2023 года невядомыя разбілі шыбы ў вокнах будынку катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Пашкоджаныя вокны прэзбітэрыя, таксама разбітыя шыбы капліцы Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага, вокны падвальных памяшканняў. Парафія звярнулася з заявай у міліцыю для расследавання акту вандалізму і прыцягнення да адказнасці зламыснікаў.

Апостальскі Нунцый у свой дзень нараджэння сустрэўся з Міністрам замежных спраў Беларусі. 16 студзеня 2023 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў візіт да Сяргея Алейніка, каб абмеркаваць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым Пасадам. Ад імя біскупскай канферэнцыі і вернікаў з днём нараджэння прадстаўніка Папы Францішка павіншаваў старшыня Канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У Бабруйску пачалі працэдуру перадачы касцёла мясцовай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Спачатку, паводле заканадаўства, давядзецца заключыць дамову на арэнду будынка на мінімальны тэрмін – паўгода. Грошы для аплаты арэнды будуць збіраць парафіяне – яны спадзяюцца, што ўрэшце гарадскія ўлады перададуць святыню ў бясплатнае карыстанне, як гэта адбылося з касцёлам у Магілёве. Наступным крокам стане просьба аб перадачы будынка ва ўласнасць парафіі.

У Гомелі з удзелам біскупа Казіміра Велікасельца адзначылі Павэлкі – урачыстасць святога Паўла, першага пустэльніка, заступніка і патрыярха супольнасці паўлінаў. Манахі з гэтага ордэна служаць у мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут 15 студзеня 2023 года святочную цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі. А пасля святой Імшы, паводле даўняй паўлінскай традыцыі, парафіян пачаставалі фінікамі, якія некалі спажываў на пустыні святы Павел.

Падрыхтавана паводле catholic.by і ўласнай інфармацыі.

 

21 студзеня 2023, 10:15